Батлейка ў чавускай школе  

- 10:40МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

У сярэдняй школе № 1 Чавус адраджаюць батлеечныя спектаклі.

Ва ўстанове не так даўно пачало дзейнічаць аб’яднанне па інтарэсах “Батлейка”, якое з задавальненнем наведваюць навучэнцы. У студзені адбыліся дэбютныя пастаноўкі юных артыстаў. Вучні 5 “В” класа дэманстравалі ўсім жадаючым батлеечны спектакль пра нараджэнне Ісуса Хрыста і п’есу “Цар Ірад”.

– Пачынаючым артыстам батлейкі ўдалося далучыць гледачоў да беларускай культуры і традыцый свайго народа. Пастаноўка прасякнута павучальнымі момантамі, яна вяртае да вытокаў хрысціянства, дапамагае наладзіць сувязь пакаленняў, вярнуць страчаныя калісьці духоўна-маральныя каштоўнасці, – адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Забягаева.

Дарэчы, сцэнай для спектакля служыла двух’ярусная скрынка ці батлейка, зробленая рукамі бацькоў пяцікласнікаў. Прадстаўленне складалася з дзвюх частак: рэлігійнай і свецкай. Кожная ігралася на сваім ярусе – верхнім ці ніжнім. На верхнім ярусе дзейнічалі такія персанажы, як Святое сямейства, анёл, пастух. Жыхары пекла – чорт, смерць, цар Ірад, воін – на ніжнім.

Сваіх персанажаў – лялек – вучні зрабілі самі. Твары з пап’е-машэ дапамагалі рабіць бацькі, адзенне – кіраўнік гуртка. Персанажы атрымаліся выразныя, характэрныя.

Несумненна, батлеечнае мастацтва развівае ў вучняў самыя розныя здольнасці: акцёрскія, мастацкія, дызайнерскія, мадэльерныя, літаратурныя, маўленчыя. Тэатральнае дзеянне дазваляе дзецям адчуць каштоўнасць агульнай дзейнасці. У вучняў узнікае пачуццё адказнасці перад калектывам аднагодкаў. Адначасова раскрываюцца індывідуальныя рысы і якасці кожнага дзіцяці. Гульнявая дзейнасць дае магчымасць фізічнай і псіхалагічнай разгрузкі. Творчыя заданні дапамагаюць зрабіць маўленне навучэнцаў больш багатым, правільным. А сумесная праца дарослых і дзяцей дапамагае бацькам і дзецям адкрыць адзін аднаго ў новай якасці.

– Спадзяемся, што прэм’ерная пастаноўка лялечнага тэатра стане першым крокам для далейшага развіцця гэтага гістарычнага віда мастацтва не толькі ў нашай школе, а і ва ўсім раёне, – з упэўненасцю паведаміў выканаўца галоўнай ролі, навучэнец Мацвей Абраменка.

 

Таццяна ГУЦКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Батлейка”
сярэдняй школы № 1 Чавус

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий