Традыцыйна ў Ладзеніцкім дзіцячым садзе – базавай школе Навагрудскага раёна праходзіць абрад ушанавання першакласнікаў – Пасвяты. Сёлета яны прайшлі ў юбілейны дваццаты раз.
Пасвяты – гэта частка жыцця нашай школы, гісторыя школы, гісторыя нашага краю, а значыць і гісторыя Радзімы. Гэта нетрадыцыйнае для агульнаадукацыйнай школы мерапрыемства бярэ пачатак з 2002 года. Менавіта два дзесяцігоддзі таму наш Ладзеніцкі дзіцячы сад – базавая школа стала апорнай пляцоўкай сацыяльна-педагагічнага праекта “Этнашкола”, якім кіраваў узначалены прафесарам І.І.Сучковым спецыялізаваны навукова-даследчы калектыў.
Пасвяты – гэта адзін з адукацыйна-выхаваўчых модуляў, так названая калектыўна-творчая справа, дзе вучні, настаўнікі і бацькі становяцца яе актыўнымі ўдзельнікамі. Абавязкова вытрымліваюцца этапы Пасвят (магчыма таму і лічыцца мерапрыемства абрадам): урачыстая літаратурна-музычная кампазіцыя пра нашу Радзіму, яе гісторыю, родны край і яго славутых землякоў; урок-выпрабаванне з першакласнікамі на прадмет валодання роднай мовай і творамі беларускага дзіцячага фальклору (народныя гульні, лічылкі, забаўлянкі, танцы, прыказкі і прымаўкі, песні і г. д.) і канцэрт-віншаванне ад усіх класных, настаўніцкіх і бацькоўскіх калектываў.
А якое ж свята без падарункаў? Галоўнае, што задавальненне ад атрыманых падарункаў атрымліваюць не толькі першакласнікі. Дарыць радасць, цудоўны настрой, хвілінкі шчасця і задавальнення тым, хто побач – гэта і ёсць галоўная маральная каштоўнасць чалавечых узаемаадносін, якім вучыць нас народная педагогіка.
Каларыт святу надае той факт, што ўсе яго ўдзельнікі падчас выступлення выкарыстоўваюць нацыянальнае адзенне.
“Беларусь – мая Радзіма” – пад такой назвай прайшло сёлета святочнае мерапрыемства, вялікае свята шасці маленькіх беларусаў і беларусачак. Са словамі віншавання да першакласнікаў звярнуўся дырэктар установы Віталій Быт. Ён высока ацаніў узровень ведаў, якія атрымалі першакласнікі за палову першага навучальнага года, іх уменне выказвацца на роднай мове, акцёрскае майстэрства і даў наказ: любіць і шанаваць свой родны край, сваю Радзіму, вывучаць і памятаць яе гісторыю, захоўваць культуру і традыцыі нашага беларускага народа.
Ірына ПІКТА,
настаўнік 1-га класа
Ладзеніцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна