У 4-м і 2-м класах Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна прайшла сумесная завочная экалагічная экскурсія “Аптэка пад нагамі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі здзейснілі займальнае падарожжа ў свет “зялёнай аптэкі”.
Вучні даведаліся, што лячэнне раслінамі зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. Пачулі шмат новага пра лекавыя расліны, якія растуць не толькі ў лесе, на палях і лугах, але і каля хаты, у агародзе. Таксама навучэнцам шмат было расказана, як правільна збіраць, сушыць і захоўваць зборы, як прымяняць іх на практыцы, якія бываюць супрацьпаказанні. Затым дзеці абагульнілі атрыманыя веды і стварылі міні-памятку пра правільны збор лекавых раслін.
Далей хлопчыкі і дзяўчынкі здзейснілі завочную экскурсію на бераг ракі, дзе пазнаёміліся з лячэбнымі ўласцівасцямі некаторых раслін: дзьмухавец, лопух, трыпутнік. На гэтым этапе дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў гульні-віктарыне, адгадвалі загадкі, красворды, рабілі складанкі з рассыпаных літар і слоў.
Навучэнцы паглядзелі прэзентацыю пра карысныя расліны і казку пра лекавыя травы, абмеркавалі лячэнне казачных герояў – Шэрага Ваўка, у якога вельмі моцна балела горла, і Шэрага Зайчыка, які апёк лапку пры лясным пажары.
Гульня “Правер сябе” замацавала веды вучняў. У ёй дзецям трэба было выбраць траўку для лячэння пэўнай хваробы, напрыклад, катару або засмучэння страўніка.
Праведзенае мерапрыемства было не толькі цікавае, але і карыснае, дзеці даведаліся шмат новага пра навакольны свет.
Крысціна ІОДКА,
класны кіраўнік 4-га класа
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна