На Маларытчыне працягваецца месячнік ваенна-патрыятычнага выхавання, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны, Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь і 95-годдзю з дня ўтварэння ДТСААФ.
У рамках месячніка ва ўстановах адукацыі раёна праводзіцца шмат разнастайных мерапрыемстваў патрыятычнага характару. Так, у раённай гімназіі прайшоў дзень ваенна-прафесійнай арыентацыі. Са старшакласнікамі сустрэліся выпускнікі мінулых гадоў – сённяшнія курсанты Ваеннай акадэміі Беларусі. Шмат новага даведаліся юнакі і дзяўчаты пра гэтую ўстанову адукацыі і спецыяльнасці, якія можна там атрымаць.
Акрамя таго, у гімназію завітаў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранічнай заставы “Макраны” пагранічнай камендатуры “Маларыта” капітан Цімур Цыплакоў, ваеннаслужачыя тэрміновай службы і першы сакратар райкама БРСМ Анатоль Панасюк. Размова ішла пра службу ў пагранічных войсках краіны.
Старшакласнікі даведаліся, як трапіць на службу па кантракце, што неабходна для таго, каб стаць афіцэрам-пагранічнікам. Затым пагранічнікі азнаёмілі дзяўчат і юнакоў з некаторымі відамі стралковай зброі, якая знаходзіцца на ўзбраенні, паказалі парадак няпоўнай разборкі-зборкі аўтамата і прапанавалі самім разабраць і сабраць яго.
— Выхоўваць патрыётаў можна рознымі сродкамі, — гаворыць кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Маларыцкай раённай гімназіі Леанід Лук’янчук. ‒ Гэта няспынны і важны працэс, ад якасці арганізацыі якога залежыць будучыня нашай краіны. А такія сустрэчы выхоўваюць гонар за родную Беларусь.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара