Грынкаўскія школьнікі вывучаюць асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму

- 18:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У 6-м класе Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна ў гэтым навучальным годзе арганізаваны заняткі факультатыўнага курса “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”.

Мэта факультатыўнага курса – фарміраванне духоўна-маральнай культуры і патрыятызму навучэнцаў на аснове выкарыстання патэнцыялу хрысціянскіх традыцый і каштоўнасцей беларускага народа. На занятках школьнікі вывучаюць духоўна-маральную і культурную спадчыну хрысціянства, яго ролю ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці.

На чарговым факультатыўным занятку разглядалася тэма “Стрэчанне Гасподняе: духоўнае значэнне свята”. На занятак быў запрошаны айцец Пётр, настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дабраволя. Святар расказаў навучэнцам пра гісторыю ўзнікнення свята і традыцыі яго святкавання. Вучні даведаліся, што асноўны сэнс свята Стрэчанне Гасподняе складаецца ў выратавальнай сустрэчы чалавецтва ў выглядзе праведніка Сімяона з крыніцай сілы і дабра, ісціны і прыгажосці – з Богам. На прыкладзе Богадзіцяці Ісуса і яго бацькоў святар звярнуў увагу на тое, што ўсе мы павінны жыць не толькі па законах мірскіх, але і па законах Божых.

Вучням была паказана прэзентацыя “Абразы свята Стрэчанне Гасподняе”, з якой яны даведаліся, што абраз для свята Стрэчанне Гасподняе складаецца з пяці фігур. У цэнтры знаходзіцца Богадзіця Ісус, побач Багародзіца, а крыху вышэй – праведны Сімяон. Марыя перадае сваё дзіця старцу, бацька Іосіф з парай галубак размешчаны па левы бок, а Ганна-прарочыца трымае скрутак.

У размове з вучнямі айцец Пётр адзначыў, як важна шанаваць тое, што ў нас ёсць цяпер, бо былі часы, калі ў дамах і кавалка хлеба не было. Адзначыў, што вельмі важна паважаць бацькоў і людзей старэйшага пакалення, а таксама і сваіх аднагодкаў. Распавёў і пра тое, як трэба правільна пераадольваць цяжкасці. Асаблівую ўвагу звярнуў на важнасць усведамлення сябе грамадзянінам і абаронцам сваёй краіны, бо ў хуткім часе сённяшнія школьнікі-хлопчыкі будуць выконваць пачэсны абавязак – служыць у арміі. Закрануў свяшчэннаслужыцель і пытанне пра небяспеку спакусы лёгкім жыццём і лёгкім заробкам. Ён даў настаўленне навучэнцам, што перш, чым здзейсніць які-небудзь учынак, неабходна падумаць пра яго наступствы.

У канцы занятку вучні задалі айцу Пятру пытанні і падзякавалі за цікавую і карысную гутарку.

 

Алёна МІНЮК,
настаўнік факультатыўнага курса
“Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий