Тыдзень роднай мовы для педагогаў, выхаванцаў і бацькоў  

- 14:25ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

Вось ужо сем гадоў – столькі, колькі існуе ў яслях-садзе № 161 Гомеля апорная пляцоўка па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў, тут праходзіць тыдзень беларускай мовы, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.

У гэтым годзе на працягу тыдня з 15 лютага ў нашым садку прайшлі розныя мерапрыемствы, якія мы аб’ядналі агульнай назвай – “На хвалях роднай мовы”.

Выхавальнікі старшых груп падрыхтавалі сваіх выхаванцаў да ўдзелу ў конкурсе маленькіх чытачоў. З вуснаў дзяцей гучалі вершы беларускіх аўтараў пра родную мову, прыгажосць роднага краю, любоў да сваёй радзімы.

У групе з беларускай мовай навучання выхавальнік Жанна Андрушчанка менавіта да гэтага тыдня падрыхтавала з дзецьмі інсцэніроўкі беларускіх народных казак “Пшанічны каласок”, “Муха-пяюха” і зрабіла іх відэазапіс. Упершыню ў сувязі са складанымі эпідэміялагічнымі абставінамі мы вырашылі зрабіць асабістую відэатэку гульняў-драматызацый для шырокага выкарыстання ў іншых узроставых групах.

Адзін з дзён тыдня быў прысвечаны беларускім рухомым гульням. Нашы творчыя кіраўнікі фізічнага выхавання арганізавалі шэраг рухомых гульняў як на вуліцы, так і ў спартыўнай зале.     Дарэчы, яны таксама зрабілі відэазапісы для стварэння сваёй відэатэкі беларускіх народных гульняў.

Для ўсіх педагогаў дашкольнай установы быў арганізаваны філалагічны брэйн-рынг “Гаворым па-беларуску”, дзе ўсе ўдзельнікі маглі паказаць сваё валоданне роднай мовай, адказваючы на складаныя пытанні пра асаблівасці беларускага маўлення і правапісу. Многія ўбачылі, што, нават добра разумеючы беларускую мову, дастаткова цяжка свабодна размаўляць на ёй.

Уражанні ад беларускіх народных казак выхаванцам было прапанавана адлюстраваць у малюнках, выстава якіх была прадстаўлена пад назвай “Любімая беларуская казка”.

У мінулыя гады частымі гасцямі ў нашым дзіцячым садзе былі гомельскія паэты і пісьменнікі Галіна Рагавая і Міхаіл Болсун. Сёлета з кнігамі гэтых аўтараў усе жадаючыя маглі азнаёміцца на выставе “Беларускія пісьменнікі – дзецям”. Сярод прадстаўленых выданняў былі кнігі з асабовымі аўтографамі творцаў. Былі на выставе і творы іншых аўтараў з Гомельшчыны – Ганны Атрошчанкі, Анатоля Зэкава, Ніны Шкляравай, Васіля Ткачова. Шэраг кніг для выставы былі прадстаўлены аддзелам абслугоўвання вучняў 1–5-х класаў абласной бібліятэкі, загадчыкам якога і аўтарам зборніка вершаў для дзяцей з’яўляецца Нікіціна Наталля.

Не засталіся без увагі і бацькі выхаванцаў. Для іх была распрацавана і размешчана ў сацыяльных сетках віктарына-тэст “Ці добра вы ведаеце беларускую мову”. Жадаючыя маглі паўдзельнічаць у гэтай гульні і праверыць свае веды.

 

Ала ГРЫБ,
загадчык ясляў-сада № 161 Гомеля

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий