З мэтай фарміравання экалагічнай культуры дашкольнікаў у другой малодшай групе № 1 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка створаны куток прыроды. У рамках яго работы ва ўстанове прайшлі заняткі з удзелам казачнай Пчолкі.
У кутку змешчаны хатнія кветкі згодна з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, дыдактычныя гульні “Назаві і складзі расліну”, “Чацвёрты лішні”, “Што змянілася”, “Дзе схавалася Пчолка”, “Пазнай па апісанні”, пашпарт хатніх кветак, дэманстрацыйны матэрыял, абсталяванне для догляду пакаёвых кветак.
Нельга забывацца пра тое, што такое хатнія расліны – гэта для дзяцей крыніца прыгажосці, добрага настрою, здароўя, дабрыні, чыстага паветра, а таксама дыдактычны матэрыял, з дапамогай якога выконваюцца многія задачы. Напрыклад, калі ў госці да выхаванцаў прыляцела казачная Пчолка, яна нагадала, як даглядаць хатнія кветкі і што для гэтага патрэбна. У пачатку сустрэчы госця прапанавала дзецям пагуляць у дыдактычную гульню “Дзе схавалася Пчолка”, у ходзе якой былі замацаваны назвы кветак (разалія, бальзамін), далей дзецям патрэбна было знайсці рэчы, неабходныя для догляду раслін і растлумачыць свой выбар. Наступным заданнем, якое дзеці атрымалі ад Пчолкі, было расказаць, што раслінам патрэбна для росту, а атрыманыя веды праверылі ў гульні “Раскажы-ка”. І нарэшце, разам з госцяй выхаванцы замацавалі назапашаны вопыт на практыцы.
Сустрэча атрымалася захапляючай і змястоўнай, самае галоўнае, што яна дапамагла замацаваць уяўленне дзяцей пра тое, што хатнія расліны – жывыя істоты, якім патрэбны цеплыня, дабрата і клопат.
Іна МАКСІМОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка