Дызайнерская сумка як альтэрнатыва поліэтыленавым пакетам

- 17:48ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Пустыя поліэтыленавыя пакеты становяцца сапраўднай праблемай, ствараюць пагрозу здароўю чалавека і навакольнаму асяроддзю. Чаму гэта адбываецца, і ці можам мы што-небудзь змяніць? Гэтыя пытанні мы з вучаніцай 7 “Г класа Юліяй Васілючак паднялі на занятках аб’яднання па інтарэсах “Майстэрня цудаў сярэдняй школы № 8 Ліды падчас падрыхтоўкі да вочнага этапу раённага конкурсу даследчых работ навучэнцаў Тэрыторыя навуковых адкрыццяў”.

Мы задумаліся пра стварэнне дызайнерскай сумкі як альтэрнатывы поліэтыленавым пакетам. Для гэтага вырашылі пашыць выраб і высветліць яго эканамічную эфектыўнасць і мэтазгоднасць.

З’яўленне сумкі – працэс заканамерны: людзям трэба было дзесьці захоўваць дробныя прадметы, каб вызваліць рукі. Яна прайшла эвалюцыю, пачынаючы з паяснога мяшочка, сумкі-авоські, палатнянай сумкі да поліэтыленавага пакета.

Праведзенае вучаніцай сацыялагічнае апытанне паказала, што калі б быў выбар паміж поліэтыленавымі пакетамі і экалагічна чыстымі дызайнерскімі сумкамі, якія будуць моцнымі, маляўнічымі і таннымі, то апытаныя выбралі б пакеты з тканіны.

Такім чынам, было вырашана на занятках гуртка “Майстэрня цудаў” правесці конкурс юных мадэльераў “Авоська замест маечкі”. Былі распрацаваны эскізы, а затым выраблены сумкі з рэшткаў тканіны, са старых, якія адслужылі свой век, рэчаў: парасонаў, джынсаў.

Юля пашыла сумку з ільну, атрымалася прыгожа. Пасля завяршэння работы дзяўчынка падлічыла эканамічную мэтазгоднасць вырабу. Кошт аднога пакета ў бліжэйшай краме – 0,15 руб. Кошт сумкі – 0 руб., так як яна выканана з рэшткаў тканіны і нітак. Вынік адназначны: адна сумка ў год можа замяніць 180 пакетаў і сэканоміць 27 рублёў, калі наведваць краму праз дзень.

Падчас працы ўзнікла пытанне, а колькі часу займае ўтылізацыя сумкі з тканіны і поліэтыленавага пакета? Поліэтылен у прыродзе раскладаецца ад 100 да 200 гадоў, пры гэтым вылучае атрутныя рэчывы, становіцца звяном у харчовым ланцугу, калі з’ядаецца жывёламі.

Натуральная тканіна – лён – можа ўтылізавацца праз 2–3 гады, не прыносячы ніякай шкоды навакольнаму асяроддзю. З вынікамі сваёй працы Юля выступіла перад аднакласнікамі, навучэнцамі школы.

Дзяўчынкі не заставілі сябе доўга чакаць. Вучаніца 5 “Б” класа Яна Бурэнка, у гэтым годзе на ўроках працоўнага навучання ўпершыню паспрабавала шыць на швейнай машыне. З рэшткаў тканіны, якая была падрыхтавана для пашыву фартуха, стварыла сумку для абутку.

Вучаніца 9 “В” класа Ніно Зедзелашвілі сваю сумку выканала са старога плашча на факультатыўных занятках “Тэкстыльныя фантазіі”. Дзяўчынкі 7 “А” класа з задавальненнем пашылі сабе шоперы. Так, вучаніцы даказалі, што дызайнерскія сумкі больш трывалыя, эканамічныя і экалагічныя, чым поліэтыленавыя пакеты.

 

Тэрэса КУЗЬМА,
настаўнік працоўнага навучання
сярэдняй школы № 8 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий