Дзень адчыненых дзвярэй “Вывучаем мову разам”

- 16:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Міжнародны дзень роднай мовы ў яслях-садзе  1 Дзятлава прайшоў дзень адчыненых дзвярэй “Вывучаем мову разам”. Яго мэта – садзейнічаць цікавасці да беларускай мовы, выхаванню любові да беларускага слова, гісторыі свайго народа.

На працягу ўсяго дня і супрацоўнікі, і бацькі, і выхаванцы размаўлялі па-беларуску. Выхавальнікі правялі ранішняе інтэрв’ю з бацькамі. Аказалася, што большасць бацькоў ведалі пра свята і згодны былі далучыцца да прапановы размаўляць па-беларуску. На інфармацыйных стэндах былі размешчаны міні-выказванні з прыгожымі выразамі знакамітых землякоў пра родную мову.

З мэтай далучэння дзяцей да жывога беларускага слова прайшоў конкурс чытальнiкаў вершаў “Люблю родную мову”. У ім прынялi ўдзел выхаванцы 4–6 гадоў. Вельмi старанна, з вялiкай адказнасцю рыхтавалiся маленькiя беларусы да мерапрыемства. Бацькi i выхавальнiкi падабралi і вывучылi з дзецьмi вершы.

Родная мова – галоўны сродак засваення дзецьмi культуры народа, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве, мець пачуццё нацыянальнай годнасці. Без любові да малой радзімы не бывае любові да краіны. Беларусачка Ганна запрасіла выхаванцаў старшай групы ў віртуальнае падарожжа “Вандроўка па малой Радзіме”. Па чарзе дзеці перадавалі мікрафон і працягвалі выраз “Малая радзіма – гэта…”. Выказванні гучалі цудоўныя (“Гэта тая зямля, на якой я нарадзіўся”, “Гэта месца, дзе жывуць мае тата і мама”, “Гэта вуліца, дзе стаіць мой дом”, “Гэта мой дзіцячы сад і сябры”).

З вялікай цікавасцю дзеці “наведалі прадпрыемствы” горада Дзятлава. Праз гульню “Адгадай, што гэта?” замацавалі ўяўленні пра прадукцыю гэтых прадпрыемстваў. Але самае вялікае ўражанне маленькія беларусы атрымалі ад падарожжа па гістарычным мінулым Дзятлава, бо яно вельмі цікавае.

Разам з Ганнай дзеці малодшых груп гулялі ў беларускія народныя гульні “Капялюш”, “Прэла-гарэла”. У сярэдніх групах прайшлі тэатральныя хвілінкі, дзе выхаванцы драматызавалі любімыя беларускія казкі, а потым з задавальненнем малявалі ілюстрацыі да твораў.

З асаблівай цікавасцю дашкольнікі азнаёміліся з экспанатамі выставы для самых маленькіх чытачоў “Добры дзень, беларуская кніга!”, вырабамі з саломы, ільну, лазы.

Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў дзень роднай мовы, закранулі сэрцы, выклікалі пачуццё любові і гонару за Радзіму, за яе мінулае і спадчыну. Мы ўпэўнены, што гэты дзень для ўсіх выхаванцаў стаў яркім і запамінальным.

 

Святлана ІОДА,
намеснік загадчыка
ясляў-сада № 1 Дзятлава

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий