Лідскія навучэнцы адзначылі свята роднай мовы

- 18:17ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Традыцыйным стала гэта свята і ў сярэдняй школе № 5 Ліды. Дэвізам дня выбралі словы “Рускай мове дай разгрузку: размаўляй па-беларуску”.

На працягу дня праходзілі разнастайныя мерапрыемствы. Так вучні пачатковых класаў прымалі ўдзел у конкурсах, віктарынах, дзе змаглі пашырыць свае веды пра родную мову. Для іх быў арганізаваны паказ мультфільмаў на беларускай мове “Каму чорт дзетак калыша”, “Як Несцерка харчы прадаваў”, “Чаго на свеце не здараецца”.

У школе ўжо некалькі гадоў дзейнічае лялечны тэатр батлейка. Творчай групай быў паказаны спектакль па матывах беларускай народнай казкі “Воўк, Змітрок, кабыла і баран”. Такія спектаклі вельмі падабаюцца малодшым школьнікам.

Вучні 5–6-х класаў з задавальненнем прынялі ўдзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі “Мова народа – яго святыня”, дзе дэкламавалі вершы беларускіх аўтараў, выконвалі песні на словы беларускіх паэтаў.

Інтэрактыўная гульня “Знаўцы беларускай мовы” зацікавіла вучняў 7–8-х класаў. Яны змаглі даведацца шмат новага пра беларускую мову, яе паходжанне і развіццё.

З мэтай папулярызацыі беларускай мовы вучні старшых класаў распрацавалі каляровыя лістоўкі. А закончыўся гэты дзень акцыяй “Пішам дыктоўку разам”, дзе вучні і настаўнікі школы змаглі праверыць свае веды па беларускай мове.

Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках свята, садзейнічалі развіццю пазнавальнай актыўнасці вучняў, узбагачалі іх слоўнікавы запас, развівалі творчыя здольнасці, прывівалі любоў да роднага слова. Хочацца верыць, што прыгажосць беларускага слова яшчэ доўга будзе гучаць у сэрцах дзетак.

 

Ірына ЗЫРАНАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 5 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий