Магчымасць атрымаць “Сертыфікат на 10” у Дзень роднай мовы

- 18:39ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Навучэнцы беларускамоўнай Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна, як і штогод, святкуюць Дзень роднай мовы.

Гэты дзень асаблівы для кожнага чалавека, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. А асабліва нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Нашы вучні ўпэўнены, што калі ўжо назваў мову роднай, калі лічыш яе такой для сябе, то павінен ёю ганарыцца. Таму да Дня роднай мовы ў школе старанна рыхтуюцца. На перапынках чуецца прыемная слыху беларуская этнічная музыка, калідоры ўпрыгожаны паветранымі шарамі, паўсюдна гучыць такое знаёмае і прывычнае, але ад таго не менш мілае беларускае слова.

У гэтым годзе школа чарговы раз прыняла актыўны ўдзел у агульнабеларускай дыктоўцы. Тэксты напісалі 37 навучэнцаў, з іх чатыры навучэнкі атрымалі дзясяткі, і шэсць навучэнцаў справіліся з тэкстам на дзевяць балаў.

Цікава і запамінальна прайшла акцыя “Чароўны куфэрак”, дзе дзеці знаёміліся з новымі беларускімі словамі, успаміналі словы, якія ўжо ведалі раней. Самымі актыўнымі ў гэтай акцыі былі навучэнцы 3-га класа. Яны атрымалі найбольш салодкіх падарункаў.

Для навучэнцаў 7-га класа прайшла інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Знаўца мовы”. Дзеці працавалі перакладчыкамі, тлумачылі значэнні слоў, спявалі беларускія песні, чыталі вершы.

Дзеці чакаюць гэты дзень яшчэ і таму, што маюць магчымасць атрымаць “Сертыфікат на 10”. Для гэтага ім неабходна вывучыць 10 хуткамовак па-беларуску і расказаць іх без запінкі.

Пасля ўрокаў свята не скончылася. То тут, то там чуліся гукі знаёмых сучасных песень. Гэта навучэнцы рыхтаваліся да конкурсу “Заспявай па-беларуску!”. Кожны клас павінен перакласці вядомую сучасную песню на беларускую мову і запісаць відэакліп. Па выніках інтэрнэт-галасавання будзе вызначацца пераможца.

У Дзень роднай мовы настаўнікі школы разам з навучэнцамі хочуць сказаць грамадскасці, што неабходна быць разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы. Неабходна размаўляць па-беларуску. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана роўнай сярод іншых моў свету. Бо калі наша мова і культура знікнуць, дык хто мы такія будзем, з чым пойдзем у свет?

 

Наталля ЦЫБУЛЬСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Квасоўскай сярэдняй школы
Гродзенскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий