Міжнародны дзень роднай мовы ў Вердаміцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Свіслацкага раёна праходзіў пад дэвізам “Дай разгрузку мове рускай – размаўляй па беларуску”.
Дзень быў насычаны падзеямі, якія былі накіраваны на папулярызацыю роднай мовы, выхаванне любві да спадчыны беларускага народа, пашырэнне выкарыстання мастацкага слова.
На працягу дня вучні, настаўнікі, бацькі далучыліся да акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Знаходзілі самыя цікавыя словы, суправаджалі малюнкамі і размяшчалі іх на дошцы аб’яў, дзвярах класных кабінетаў, настаўніцкай і г. д. Цяжкасці маўлення дапамагалі пераадольваць музычныя перапынкі: гучалі песні на вершы беларускіх класікаў у выкананні вядомага ансамбля “Песняры”. Вучні старшых класаў з ахвотай далучыліся да напісання рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове. А таксама настаўнікі і вучні ўдзельнічалі ў напісанні абласнога дыктанта. Лепшыя вынікі сярод вучняў паказалі Ульяна Борыс, Дамініка Куцко, Святлана Салавей. Настаўнікі таксама паказалі добрыя веды беларускай мовы, не зрабіўшы ніводнай памылкі.
Ульяна Борыс прыняла ўдзел у абласным чэленджы “Мова” як дэпутат маладзёжнага парламента пры Свіслацкім савеце дэпутатаў. Дамініка Куцко стала актыўным удзельнікам у Instagram-чэленджы “Дзень роднай мовы” з творам М.Скрыпкі “Дачакалася”.
Найбольшую цікавасць выклікала стварэнне буктрэйлераў па прачытаных творах І.Шамякіна “Сэрца на далоні” і В.Быкава “Жураўліны крык”.
Таццяна ПЯСНЯК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна