Педагогі ясляў-сада № 14 Смаргоні пастараліся зрабіць Міжнародны дзень роднай мовы незабыўным для выхаванцаў. Яны выкарыстоўвалі разнастайныя формы і метады ўзаемадзеяння, імкнуліся прыцягнуць дашкольнікаў да зносін на роднай мове.
Дзеці з вялікім задавальненнем гулялі ў беларускія народныя гульні “Два маразы”, “Надзейка”, “Гарлачык”.
У гульнях “Перакладчыкі”, “Хто больш убачыць і назаве”, “Даведайся па апісанні” малышы праявілі сябе добрымі знаўцамі роднай мовы, але не толькі ў іх. Выхавальнікі разам з выхаванцамі падрыхтавалі беларускую народную казку “Як курачка пеўніка ратавала“. Дзеці с задавальненнем прынялі ўдзел у інсцэніроўцы на роднай мове. Выхаванцы старшай групы пабывалі на экскурсіі ў “Беларускай хатцы”. Там яны змаглі ўбачыць беларускія прадметы побыту, прадметы народнага промыслу і пранікнуцца нацыянальным каларытам.
На працягу дня педагогі праводзілі з дзецьмі тэматычныя гутаркі пра Беларусь, чыталі народныя казкі, разглядалі ілюстрацыі і фотаздымкі пра прыроду, жыхароў, культуру і традыцыі краіны. А самі педагогі пісалі Гродзенскі абласны дыктант “Музей паэта”.
Мы спадзяёмся, што атрыманыя ў дашкольнай установе веды сфарміруюць у дашкольнікаў першапачатковыя ўяўленні пра родны край, родную мову. Дзеці будуць з павагай ставіцца да роднай мовы, размаўляць на ёй і вырастуць сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы!
Алена АМБРАСЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 14 Смаргоні