Педагогі ясляў-сада № 1 г.п. Карэлічы сабраліся ў літаратурнай гасцёўні “Гучы, наша родная мова.
Вядучая пачала мерапрыемства са слоў: “Як кажуць нашы людзі: хай вам даспадобы будуць танцы, гульні, песні, смех!”. І сапраўды, кожны ўдзельнік паказаў свае таленты. Здаецца, давялося адчуць, як пахне чабор, калі кіраўнік фізічнага выхавання душэўна, з замілаваннем дэкламавала верш П.Броўкі “Пахне чабор”. Кожны зрабіў свае высновы ад пачутай з вуснаў выхавальніка дашкольнай адукацыі В.М.Ждан байкі К.Крапівы “Дыпламаваны баран”. Колькі смеху і разам з тым магчымасці задумацца пра сямейныя ўзаемаадносіны выклікалі ў гледачоў па-майстэрску выкананыя калегамі ролі па матывах верша “Дзед і баба” таго ж аўтара. Не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных радкі верша Я.Коласа “Спадчына” у выкананні А.У.Карчэўскай.
Далей вядучая аб’явіла музычны перапынак. Тут і песні народныя, і танцы, і гульні. Уявілі сабе і, нават, пазайздросцілі, як весела бавілі свой вольны час і як праводзілі святы нашы продкі. А яшчэ мы пачаставаліся стравамі беларускай кухні, якія прыгатавала кожная гаспадыня.
А пасля было прапанавана выказаць свае думкі пра родную мову. Усе да аднаго ўпэўніліся ў тым, што мова наша – любімая, паважаная і, увогуле, самая лепшая! Згадзіліся з цудоўным выказваннем таленавітага пісьменніка У.Караткевіча, які назваў нашу мову так: “Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень!”.
Наталія СКОК,
намеснік загадчыка
ясляў-сада № 1 г.п. Карэлічы