У рамках тыдня беларускай мовы ў Грынкаўскім дзіцячым садзе – базавай школе Свіслацкага раёна прайшла літаратурная вечарына “Слаўныя сыны Беларусі”, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння славутых пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Яшчэ за тыдзень да мерапрыемства навучэнцам было прапанавана выбраць вершы паэтаў і вывучыць іх для выразнага чытання на памяць. Школьнікі з задавальненнем прыходзілі ў школьную бібліятэку, гарталі старонкі кніг і выбралі творы, якія прыйшліся ім даспадобы. А вучні 7-га класа падрыхтавалі прэзентацыю пра беларускіх песняроў пад назвай “Слаўныя сыны Беларусі”.
У класе, дзе праходзіла вечарына, была аформлена выстава твораў паэтаў, размешчаны іх партрэты, цытаты і выказванні іншых пісьменнікаў пра слаўных сыноў Беларусі.
Пачалося мерапрыемства песняй “Спадчына” на словы Янкі Купалы ў выкананні “Песняроў”. Ва ўступным слове я расказала дзецям, што ў гэтым годзе адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння славутых беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іх творы – летапіс жыцця беларускага народа, адлюстраванне нацыянальнага характару. Сваімі творамі яны ўзнялі беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, выявілі незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова. Адзначыла, што яны нарадзіліся ў адзін год і былі лепшымі сябрамі на працягу ўсяго жыцця. Да гэтай знакавай падзеі ў школьнай бібліятэцы аформлена тэматычная выстава, на працягу года будуць праводзіцца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілярам.
Пра жыццё і творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа падрыхтавалі паведамленні вучні 7-га класа. Дзеці з цікавасцю слухалі аповед пра дзіцячыя і юнацкія гады паэтаў, даведаліся, чаму яны ўзялі сабе такія псеўданімы. Было адзначана, што помнікі песнярам устаноўлены ў многіх гарадах не толькі Беларусі, але і ў іншых краінах свету. Аповед пра песняроў суправаджаўся паказам прэзентацыі, выразным чытаннем вершаў на памяць і музычнымі творамі, напісанымі на вершы паэтаў. У канцы мерапрыемства вядучыя правялі віктарыну па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа, якая выявіла лепшых знаўцаў іх творчасці.
Мерапрыемства дапамагло вучням усвядомiць значнасць асоб Янкі Купалы i Якуба Коласа, садзейнічала выхаванню ў школьнікаў павагі да класікаў беларускай літаратуры, пачуцця гонару за нашых славутых песняроў, любові да Беларусі і роднага слова.
Святлана ВОЛЧЫК,
бібліятэкар
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна