На базе цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі сярэдняй школы № 2 Салігорска прайшоў адкрыты ўрок мужнасці.
Галоўнымі арганізатарамі мерапрыемства сталі вучні 8-х класаў і актывісты школьнага самаўпраўлення. На сустрэчу з імі прыйшлі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, якія праводзяць работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, бываюць частымі гасцямі ў школьнікаў, – старшыня арганізацыі ваенных маракоў Салігорскага раёна Сяргей Сакалоў, афіцэр запасу паветрана-дэсантных войск Сяргей Чадовіч і ўдзельнік афганскай вайны Аляксандр Лекаў. Госці расказалі дзецям гісторыі сваёй службы, паведамілі пра работу з маладзёжнымі арганізацыямі і сувязях з грамадскасцю.
Школьнікі падрыхтаваліся да сустрэчы. Ініцыятыву ўзялі ў свае рукі актывісты школьнага самаўпраўлення. Яна Жыгар нагадала біяграфію загінулага ў афганскай вайне героя, салігарчаніна Артура Зязюліна, яго імя шануе школа. Мацвей Майсеенка і Аліка Цішкавец прачыталі лісты салдат з Афганістана дадому і сваім сябрам.
На ўроку мужнасці навучэнцы ўзгадалі імёны Герояў Савецкага Саюза – нашых землякоў. Менавіта яны ўславілі Салігоршчыну сваімі гераічнымі подзвігамі, кожны з якіх варты пераймання. Вельмі ўразіў прагледжаны дакументальны фільм “Масты Брэста” навучэнцаў Брэсцкай гімназіі № 3, у якім аўтары задаюць філасофскае пытанне: што злучае адлегласці, мінулае, сучаснасць і будучыню, даносячы да нас гісторыю мінулых гадоў? Гэта масты, старыя, новыя і тыя, якія мы яшчэ пабудуем…
Хочацца адзначыць, што цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, якім кіруе Аляксандр Міхнюк, добра вядомы не толькі ў горадзе. Многія хлопцы, якія наведваюць цэнтр, ужо выбралі ваенныя прафесіі як сваю будучыню. І яшчэ адна навіна: яшчэ два гады таму цэнтр наведвалі выключна хлопчыкі, а сёння ёсць і дзяўчынкі, якія нароўні з хлопцамі вывучаюць баявую зброю і ваенныя дысцыпліны. “Дзеці да нас прыходзяць розныя, мая задача – выхаваць у іх цвёрды характар і адказнасць за свае ўчынкі”, – распавядае Аляксандр Мікалаевіч.
Вынікі цешаць. У шматлікіх спаборніцтвах, маладзёжных ваенна-патрыятычных гульнях у юнакоў і дзяўчат прызавыя месцы. Урокі мужнасці вельмі патрэбныя для школьнікаў. Важна, каб падрастаючае пакаленне выхоўвалася на лепшых традыцыях сваіх бацькоў і дзядоў, ведала гісторыю сваёй краіны і шанавала яе багацці.
Таццяна МАРОЗАВА,
педагог дадатковага навучання
сярэдняй школы № 2 Салігорска
Фота аўтара