Традыцыйнае свята навукі адзначылі поразаўскія школьнікі

- 18:21ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі творчых ідэй навучэнцаў. Зусім нядаўна ва ўстанове адукацыі прайшло традыцыйнае свята навукі.

Малодшы школьны ўзрост – значны перыяд для выяўлення і развіцця творчага патэнцыялу асобы, бо дзеці па прыродзе сваёй даследчыкі. Іх цягне прага новых уражанняў, цікаўнасць, жаданне эксперыментаваць, самастойна шукаць ісціну.

Падчас школьнага свята навукі навучэнцы 1–2-х класаў здзейснілі незвычайнае падарожжа ў краіну гультаёў і невукаў. Там іх сустрэлі Хуліган і яго сяброўка Балбатуха, якія падрыхтавалі для вучняў розныя цікавыя заданні і выпрабаванні. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі песні, танцавалі, рашалі задачы, малявалі. І ўсё для таго, каб атрымаць “дзявяткі” і “дзясяткі”, якія стануць іх талісманам на выдатную вучобу.

Навучэнцы 3–4-х класаў сустрэліся ў інтэлектуальнай гульні “Хачу ўсё ведаць”. Дзве каманды “Яблык” і “Разумнікі” паказалі свае веды ў розных галінах навукі. Дзеці выконвалі заданні на логіку і ўвагу, разгадвалі матэматычныя рэбусы, адказвалі на пытанні па гісторыі і літаратуры.

Вучняў 5–6-х класаў чакала падарожжа ў “мабільны” свет. Падчас інтэлектуальна-пазнавальнай гульні яны даведаліся пра гісторыю ўзнікнення мабільных тэлефонаў і іх магчымасці, успомнілі правілы мабільнага этыкету, склалі “цягнік” з гаджэтаў і нават зрабілі сэлфі для Тik-Toka.

Фінальным акордам свята стала абарона даследчых работ навучэнцаў. Юныя даследчыкі здзівілі членаў журы сваімі цікавымі адкрыццямі, уменнем выступаць перад аўдыторыяй і адказваць на пытанні.

Гэты святочны дзень для навучэнцаў 1–6-х класаў стаў яшчэ адным маленькім крокам у свет вялікай навукі.

 

Аксана КАРПОВІЧ,
кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий