У Жамыслаўльскім дзіцячым садзе – базавай школе Іўеўскага раёна адбылася сустрэча навучэнцаў з інспектарамі сектара прапаганды Іўеўскага раённага аддзела МНС Міхаілам Хлістоўскім і Міхаілам Лаўрэнавым.
Сустрэча праводзілася ў рамках акцыі “Дзень бяспекі. Увага ўсім!” да дня грамадзянскай абароны. Падчас сустрэчы школьнікі даведаліся пра небяспекі пажараў, людскія ахвяры. Інспектары паведамілі пра колькасць загінуўшых у выніку пажараў у рэспубліцы, вобласці, раёне, расказалі пра зусім нядаўні выпадак, калі ў выніку палу сухой травы загінула жанчына, прагаварылі асноўныя правілы пры распальванні кастроў, спальванні смецця, напомнілі тэлефоны, па якіх трэба званіць пры ўзнікненні пажараў.
А яшчэ інспектары правялі са школьнікамі практычны занятак у форме гульні: каманда вучняў атрымлівала карткі з нумарамі, на якіх былі адзначаны дзеянні людзей пры пажарах. Трэба было правільна размясціць карткі і абгрунтаваць свой адказ. З заданнем лепш справілася каманда дзяўчынак, а вось каманда юнакоў дапусціла адну памылку, але, як вядома, на памылках мы вучымся. У канцы сустрэчы госці падарылі вучням памяткі, буклеты і наклейкі з карыснымі парадамі ад МНС.
Таццяна ЖУРКО,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Жамыслаўльскага дзіцячага сада – базавай школы
Іўеўскага раёна