Фестываль танцавальна-забаўляльных шоу-праграм “Пакаленне – 2022”  

- 9:46ВИТЕБЩИНА, Регионы

III адкрыты абласны фестываль танцавальна-забаўляльных шоу-праграм “Пакаленне – 2022” адбыўся ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі.

Гэта адзіны ў рэспубліцы маштабны рэгіянальны фестываль падобнай накіраванасці. Традыцыйны конкурс дыджэяў/DJ, вядучых/МС і харэаграфічных груп штогод набірае ўсё большую папулярнасць у маладзёжнай аўдыторыі. Арганізатарамі выступаюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама сумесна з абласным палацам дзяцей і моладзі.

Мерапрыемства нацэлена на выяўленне і распаўсюджванне лепшага вопыту ў ажыццяўленні танцавальна-забаўляльных праграм, укараненне ў практыку правядзення шоу-праграм сучасных тэхнічных сродкаў і інфармацыйных рэсурсаў, развіццё творчых і арганізатарскіх здольнасцей навучэнцаў, фарміраванне агульнай культуры вольнага часу падлеткаў і стварэнне ўмоў для іх сацыяльнай адаптацыі.

Па ўмовах фестывалю, на конкурс дапускаецца па адной праграме ад кожнага раёна (горада), апрабаванай ва ўмовах устаноў агульнай сярэдняй або дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У кожнай камандзе – да 8 удзельнікаў ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў, працягласць праграмы – да 15 хвілін, сярод канкурсантаў – творчыя групы навучэнцаў, арганізатары і вядучыя шоу-праграм.

“Пакаленне” дынамічна развіваецца, прырастае новымі напрамкамі і пашырае фармат. Напрыклад, у мінулым годзе па рашэнні аргкамітэту ў асобную конкурсную намінацыю вынеслі харэаграфічныя пастаноўкі. Сёлета дадаткова быў уведзены завочны адборачны этап, пасля якога журы назвала 9 каманд-фіналістаў.

У склад журы ўвайшлі дыджэй “Радыё-Віцебск”, рэзідэнт “Аўтапаці” Сяргей Сухаў, выкладчык цыклавой камісіі харэаграфіі Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Алена Сцепанюк, лаўрэат міжнароднага конкурсу гульнявых і забаўляльных праграм “Масква–90”, адзін з пачынальнікаў фестывалю і руху дыджэяў на Віцебшчыне Валянцін Плавінскі, харэограф, кіраўнік школы танцаў “Юнайтэд дэнс фэм” Анастасія Сысоева і загадчык аддзела арганізацыйна-масавай работы абласнога палаца дзяцей і моладзі Аляксей Ляпін.

Крытэрыі ацэнкі ахоплівалі кампазіцыйную пабудову праграм, выступленні танцавальных калектываў, індывідуальных выканаўцаў і музыкантаў, разнастайнасць інфармацыйнага і музычнага матэрыялу, эстэтыку яго падачы і гульнявыя моманты, а таксама адпаведнасць зместу праграмы ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў, касцюміраванне і наяўнасць рэквізіту, стыль вядзення праграмы, уключаючы імідж вядучага, карэктнасць тэкстаў, уменне DJ і МС працаваць у пары, імправізацыю пры правядзенні конкурсаў.

– Наш фестываль падарыў удзельнікам, гледачам, журы велізарны зарад бадзёрасці і пазітыву, – адзначыў Аляксей Ляпін. – Канкурсанты раскрывалі свае ўменні, здольнасці і акцёрскае майстэрства, весяліліся, імправізавалі, танцавалі, арганізоўвалі актыўныя гульні, звадзілі трэкі, “запальвалі” драйвам, заваднымі міксамі і, канечне, знаходзілі новых сяброў. У фінале ўсе прадставілі цікавыя, арыгінальныя і змястоўныя праграмы, прысвечаныя актуальным напрамкам у арганізацыі выхаваўчай работы з моладдзю, насычаныя інфармацыйна-прапагандысцкімі, гульнявымі момантамі, непасрэднымі зносінамі з залай. У параўнанні з мінулым годам узровень фестывалю і, у прыватнасці, яго конкурснага складніка значна падрос. Папярэдне ў лютым мы правялі абласны семінар, дзе падрабязна разглядаліся пытанні падрыхтоўкі да мерапрыемства. Прыемна, што каманды да нас прыслухаліся, улічылі рэкамендацыі і паказалі дастойны ўзровень.

Дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама І, ІІ і ІІІ ступеней адпаведна ўзнагароджаны: у намінацыі “Лепшая шоу-праграма” – каманды “White list” (філіял “Натхненне” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), “Мы” (Гімназія імя І.М.Ерашова Лепеля) і “Уключайся” (Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі); у намінацыі “Лепшы вядучы” – Іван Шандалесаў (Гімназія імя І.М.Ерашова Лепеля), Канстанцін Пратапопаў (Палац дзяцей і моладзі Наваполацка) і Анастасія Мінчанка (Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі); у намінацыі “Лепшы дыджэй” – Цімур Херувімаў (Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), Павел Сінькоў (Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі) і Севасцьян Ганчар, (Гімназія № 1 Оршы); у намінацыі “Лепшы танцавальны калектыў” – танцавальныя групы “Нон-стоп” (Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі), “Sky-dancе” (Пастаўскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі) і “White list” (філіял “Натхненне” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі).

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий