У Свіслацкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна ў 9–11-х класах была праведзена гадзіна зносін “Паміж намі, дзяўчынкамі”, прысвечаная пытанням рэпрадуктыўнага выхавання і фарміравання сямейных каштоўнасцей.
На працягу тыдня кожная са старшакласніц магла задаць любое пытанне, якое яе цікавіць, ананімна напісаўшы запіску і апусціўшы яе ў адмысловую “скрыначку даверу”. Пытанні, сабраныя на працягу тыдня, былі апрацаваны і на кожнае з іх быў дадзены адказ падчас правядзення мерапрыемства.
Згодна з тым, што цікавіла дзяўчат, мерапрыемства было падзелена на чатыры часткі. У першай былі пададзены асноўныя фізіялагічныя адрозненні паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, асаблівасці іх паводзін і мыслення. Другая частка прадстаўляла сабой работу круглага стала. Дзяўчынкам трэба было размеркаваць пэўныя сцверджанні па дзвюх катэгорыях “Праўда” ці “Хлусня”. Сярод выказванняў вылучаны асноўныя “міфы” і стэрэатыпы, якія распаўсюджаны ў грамадстве, але не маюць навуковага абгрунтавання. Дзякуючы рабоце круглага стала, дзяўчынкі пазнаёміліся з фізіялагічнымі і медыцынскімі абгрунтаваннямі розных стадый сталення і планавання сваёй будучай сям’і.
Трэці блок складаўся з прагляду відэафрагментаў пра этапы сталення дзяўчынак і розныя стадыі развіцця дзіцяці ў эмбрыянальным і постэмбрыянальным перыядах. Апошняя, чацвёртая частка мерапрыемства ўяўляла сабой непасрэдна гадзіну зносін, на працягу якой дзяўчынкі абмяркоўвалі пытанні планавання будучай сям’і.
Нягледзячы на тое, што мерапрыемства працягвалася каля дзвюх гадзін, удзельніцы ў якасці рэфлексіі пажадалі ўдзельнічаць у гадзіне зносін яшчэ раз. Гэта не можа не радаваць, бо нездарма ж кажуць: “Выхоўваючы хлопчыка, выхоўваеш мужчыну. Выхоўваючы дзяўчынку, выхоўваеш нацыю”.
Наталля ЖУКОЎСКАЯ,
настаўнік біялогіі і хіміі
Свіслацкай сярэдняй школы
Гродзенскага раёна