Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Піншчыны абмеркавалі выхад у свет чарговага тома акадэмічнага выдання, прысвечанага знакамітай зямлячцы – Яўгеніі Янішчыц, а таксама выкарыстанне яго ў навучальным працэсе.
“Янішчыц Жэні томік разгарну // З аўтографам удзячнасці сардэчнай…” – такімі словамі адкрылі чарговую сустрэчу настаўнікі творчай групы беларускай мовы і літаратуры Пінскага раёна.
У літаратурнай прасторы краіны адбылася знакавая падзея – з’явіўся трэці том акадэмічнага выдання “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”. Унікальнасць тома ў тым, што сярод 780 твораў каля 360 вершаў чытач убачыць упершыню.
Нагадаем, што першы том чатырохтомніка выйшаў у свет у 2016 годзе, другі – у 2017-м. Падрыхтавалі кнігу да выдання старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Калядка і паэтэса, аднакурсніца і сяброўка Яўгеніі Янішчыц Тамара Аўсяннікава.
Настаўнікі Піншчыны абмеркавалі выкарыстанне ў навучальным працэсе новага выдання, падзяліліся думкамі пра кнігі і выказалі словы шчырай падзякі ў адрас укладальнікаў С.Калядка і Т.Аўсяннікавай.
Мы зацікаўлены ў тым, каб літаратурная спадчына землякоў вывучалася не толькі на ўроках, а найбольш у пазакласнай дзейнасці. Таму новыя кнігі сталі добрай падтрымкай падчас пазакласных мерапрыемстваў: літаратурна-музычных кампазіцый, свят паэзіі, чытанняў.
На пасяджэнні настаўнікі адзначылі: новае выданне карыснае тым, што ўтрымлівае дакладныя біяграфічныя звесткі пра паэтку, у тым ліку малавядомыя і вельмі асабістыя. Вершы пераплятаюцца з выказваннямі літаратуразнаўцаў, крытыкаў. Фотаздымкі расказваюць пра дзяцінства і юнацтва, першыя спробы пяра і сям’ю Янішчыц. Гэта вельмі прыцягвае вучняў-чытачоў. Іх уражвае тое, што 95 аўтараў прысвяцілі ёй свае вершы!
Пасля глыбокага знаёмства з творчасцю паэткі вучні таксама жадаюць арыгінальна паказаць свае адносіны да знакамітай зямлячкі. Так, пры падрыхтоўцы да літаратурнага свята вучаніца Ставоцкай сярэдняй школы Кацярына Амельчанка напісала партрэт палескай ластаўкі. А вучаніца Навадворскай базавай школы Таццяна Завадская напісала верш “Наша Жэня”.
У шматтомніку юны чытач адкрывае для сябе новую Я.Янішчыц: з апавяданнямі пра землякоў-палешукоў, песнямі, эпіграмамі. Пераважная большасць гэтых твораў паказвае любоў паэтэсы да радзімы, дзе ў звыклай з дзяцінства атмасферы яна адчувала сябе нязмушана натуральна. Яе героі – землякі, працавітыя людзі беларускага Палесся. Менавіта яны натхнялі яе на стварэнне праўдзівых, індывідуальна адметных лірычных герояў.
Я.Янішчыц – гэта ўнікальны чалавек! Нездарма С.Калядка адзначыла: “Яе паэзія вучыць, як прарастае ў слове душа”.
С.К.КАХНОВІЧ,
метадыст Пінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета