У Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна прайшоў круглы стол “Шляхі ўдасканалення методыкі выкладання вучэбных прадметаў”.
Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў бягучым навучальным годзе абумоўлены актуальнасцю сістэмна-дзейнаснага, культуралагічнага, асобасна арыентаванага і кампетэнтнаснага падыходаў да арганізацыі адукацыйнага працэсу, рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў. Таму яшчэ большую актуальнасць набылі пытанні эфектыўнага ўкаранення сучасных методык і тэхналогій, сродкаў візуалізацыі ў адукацыйны працэс.
Адкрыла круглы стол і акрэсліла актуальныя пытанні і праблемы выкарыстання сучасных тэхналогій і метадаў у адукацыйным працэсе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Балюк.
Настаўнік пачатковых класаў Алена Акудовіч пазнаёміла з вопытам практычнага прымянення метадычных прыёмаў і сродкаў візуалізацыі вучэбнай інфармацыі. Па меркаванні педагога, іх шырокае прымяненне дае магчымасць педагогу мадэліраваць вучэбны працэс так, каб забяспечыць максімальную актывізацыю пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў і знізіць стамляльнасць.
Пра перавагі сучаснага буквара на беларускай мове расказала Валянціна Крыцкая.
– Адна з асаблівасцей гэтага падручніка – ярка выражаны нацыянальны кантэнт і заданні, якія адлюстроўваюць каштоўнасці беларускага народа, – адзначыла яна. – У ім спалучаюцца класічныя методыкі навучання грамаце і сучасныя з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Першакласнікі могуць праглядзець анімацыйныя фільмы, відэаролікі і г.д.
Настаўнік сусветнай мастацкай культуры Наталля Здрадоўская пазнаёміла прысутных з асаблівасцямі арганізацыі дзейнасці па фарміраванні метапрадметных кампетэнцый.
Адным з прыярытэтных спосабаў павышэння вучэбнай матывацыі, на думку настаўніка геаграфіі і грамадазнаўства Марыны Пачэбут, з’яўляецца выкарыстанне метадаў і прыёмаў кагнітыўнай візуалізацыі вучэбнай інфармацыі (схемы, графікі, табліцы, апорныя канспекты, інтэлект-карты).
Наталля Леванчук, настаўнік фізікі, расказала пра магчымасці выкарыстання вучэбных дапаможнікаў новага пакалення для арганізацыі самастойнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. У вучэбных дапаможніках VІІ і ІХ класаў прадугледжваюцца заданні, якія выконваюцца з выкарыстаннем інтэрактыўных мадэлей. Гэтыя заданні размешчаны на нацыянальным адукацыйным рэсурсе http: //e-vedy.adu.by. У большасці параграфаў вучэбнага дапаможніка для VІІІ класа ёсць малюнкі, якія можна пераўтварыць у відэаролік пры дапамозе смартфона або планшэта, загрузіўшы праграму HPReveal. Працуючы з вучэбным дапаможнікам Х класа можна сустрэць умоўныя абазначэнні, які даюць адсылку да прагляду відэаролікаў. Для работы з элементамі дапоўненай рэальнасці патрабуецца дадатак “АІV – дапоўненая рэальнасць”, хуткасны доступ у інтэрнэт. Сціслыя высновы ў канцы параграфаў, пададзеныя ў выглядзе структурна-лагічных схем, дапамагаюць навучэнцам самастойна абагульняць і лепш засвоіць вучэбны матэрыял.
Педагогі Г.І.Бараноўская, М.В.Бялава, А.А.Пачэбут акцэнтавалі ўвагу прысутных на асаблівасцях праектавання вучэбных заняткаў з выкарыстаннем сучасных метадаў і сродкаў, выкарыстанні развіццёвага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, самаадукацыйнай дзейнасці настаўнікаў у гэтым кірунку.
Рэфлексійны этап круглага стала паказаў, што большая частка педагогаў ведае і ўкараняе ў практыку як сучасныя, так і традыцыйныя методыкі і тэхналогіі навучання.
Святлана БАЛЮК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна