Крыху раней вучні Азёркаўскай, Мілявіцкай і Курылавіцкай сярэдніх школ Мастоўскага раёна ўжо дзяліліся сваімі ўражаннямі пасля экскурсіі ў Жыровіцкі манастыр і Свята-Успенскі сабор. А літаральна на днях ажыццявілі яшчэ адну паездку – у суседні Шчучынскі раён, у вёску Зачэпічы.
Усё, што мы там пабачылі і пачулі, дазволіла насамрэч перанесціся ў далёкія ваенныя гады, у атмасферу партызанскай дзейнасці і быту. Мы – гэта вучні 11-х класаў Азёркаўскай і Мілявіцкай сярэдніх школ і настаўнікі гісторыі І.А.Гарбацэвіч і Д.І.Себасцяновіч. Ніякія, нават самыя сучасныя сродкі ІКТ, не змаглі б арганізаваць вывучэнне тэмы так яскрава, як у гэтым дапамагла экскурсія.
Тут, у лясным масіве Ліпічанскай пушчы за вёскай Зачэпічы ў 1977 г. была створана стылізаваная партызанская зямлянка, а ў 1984 г. адкрыты цэлы комплекс: народны музей партызанскай славы і мемарыяльны помнік. Нас гасцінна сустрэла дырэктар музея, настаўнік гісторыі Арлянскай сярэдняй школы Марыя Сядзельнік і дзяўчынкі-экскурсаводы. Дзякуючы ім мы з вялікай цікавасцю даведаліся пра тое, што звычайна застаецца па-за старонкамі школьных падручнікаў гісторыі.
Падчас экскурсіі мы даведаліся, дзе знаходзіўся штаб Шчучынскага партызанскага злучэння, які ўзначальваў упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і БШПР, член Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б Сцяпан Пятровіч Шупеня. Штаб каардынаваў дзеянні партызан на тэрыторыі Шчучынскага, Мастоўскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў і Слоніма. Нам расказалі пра гады цяжкіх выпрабаванняў і барацьбы шчучынскіх партызан, пра іх значны ўклад у Вялікую Перамогу.
А самым чаканым для партызан Шчучынскай зоны быў дзень 11 ліпеня 1944 г., калі яны (3200 чалавек) злучыліся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі і пагналі разам фашысцкіх акупантаў далей, на захад. Імя С.П.Шупені прысвоена сярэдняй школе ў вёсцы Орля Шчучынскага раёна, на будынку якой устаноўлена мемарыяльная дошка. Таксама ён лічыцца ганаровым грамадзянінам Шчучына.
Значнае месца ў раздзелах экспазіцыі музея адведзена дэманстрацыі элементаў зброі: тут ёсць гільзы рознага калібру, штыкі, кулямётныя дыскі і нават трафейны нямецкі мінамёт. Трагічнай старонкай назаўжды застаўся пералік вёсак Шчучыншчыны, спаленых нямецкімі карнікамі разам з жыхарамі: Ашмянцы, Багушы, Васілішкі, Зінякі. Пад шклом вітрын – сапраўдныя ўзнагароды: падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза І.В.Сталіна.
Уразіла сваёй сапраўднасцю партызанская зямлянка: у паўзмроку ў цэнтры – драўляны стол з рацыяй і картай, асветлены керасінавым ліхтаром. Здаецца, вось-вось сюды ўвойдуць партызаны з камандзірам, сядуць за стол вакол карты і пачнуць абмяркоўваць свае планы.
Цікава было даведацца, што летам 22 чэрвеня і 3 ліпеня на тэрыторыі комплексу ладзяцца ваенізаваныя квест-гульні, у якіх з задавальненнем прымаюць удзел усе жадаючыя. Так што наперадзе яшчэ могуць быць цікавыя паездкі і сустрэчы, што асабліва актуальна ў Год гістарычнай памяці. З такім настроем вярталіся мы дадому і, вядома, з пачуццём вялікай удзячнасці ў адрас усіх, хто прыклаў намаганні ў арганізацыі нашай экскурсіі.
У наш няпросты час вельмі важна захаваць для новых пакаленняў памяць пра гістарычныя падзеі, асабліва пра Вялікую Айчынную вайну. У святле сённяшніх рэалій становіцца ўсё больш зразумелым, як хутка і проста можна змясціць акцэнты, падмяніць адны паняцці другімі, і ўрэшце перапісаць гісторыю вайны. Вось таму, каб не дапусціць гэтага, каб не атрымалася так, што новыя пакаленні будуць вывучаць гісторыю па перапісаных, іншых падручніках, трэба рабіць усё магчымае, каб не наступіла гістарычнага забыцця. Напэўна, менавіта для гэтага ў рамках пілотнага праекта Міністэрствам адукацыі распрацавана праграма вучэбных экскурсій для вучняў старшых класаў, якая і рэалізуецца зараз.
Ірына ГАРБАЦЭВІЧ,
настаўнік гісторыі
Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна