Адна з самых значных апошніх падзей у Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна – папаўненне новымі экспанатамі школьнага гісторыка-краязнаўчага музея.
Старшыня Поразаўскага сельскага савета Віктар Акудовіч – заўсёды жаданы госць ва ўстанове адукацыі. На гэты раз на агульнашкольнай лінейцы адбылася перадача ў якасці экспанатаў для ваеннай экспазіцыі музея рэчаў нямецкіх і савецкіх воінаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Каскі, кубкі, лыжкі, гільзы і іншыя прадметы зоймуць сваё месца ў гісторыка-краязнаўчым музеі “Млын часу”. Адметна, што некаторыя з іх знойдзены зусім блізка ад гарадскога пасёлка Поразава – і гэты факт асабліва зацікавіў не толькі навучэнцаў, але і настаўнікаў.
Віктар Вацлававіч адзначыў, што для Беларусі захаванне гістарычнай спадчыны – справа першараднай важнасці. Сваім абавязкам ён лічыць удзел у выхаванні падрастаючага пакалення, і чарговы раз выказаў упэўненасць у тым, што памяць продкаў будзе захоўвацца. “Мы любім сваю Бацькаўшчыну, памятаем старонкі гісторыі, паважаем традыцыі, а ў гэтым і ўтрымліваецца гарантыя будучага”, – так закончыў выступленне Віктар Вацлававіч.
Са словамі падзякі звярнулася да госця кіраўнік школьнага музея Таццяна Кухарчык. Яна ўпэўнена, што музей – гэта культурна-асветніцкі і ідэалагічны цэнтр школы, а кожны новы экспанат можа стаць штуршком для новага краязнаўчага даследавання і дапамагчы захаваць гістарычную памяць.
Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна