Алею шпакоў адкрылі ў дзіцячым садзе № 79 Гродна  

- 17:45ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Дзіцячы сад № 79 Гродна з’яўляецца ўдзельнікам праекта “Зялёная школа”, у рамках якога была праведзена экалагічная акцыя па стварэнні алеі шпакоў.

У сакавіку падчас прагулак на свежым паветры дзеці з цікавасцю назіралі за прыродай, заўважалі нават самыя дробныя змяненні. З нецярпеннем чакалі прылёту птушак з выраю, аднак узгадалі, што атрымаць асалоду ад шматгалосага аркестра даводзіцца ў лесе або ў парку. У гарадской мясцовасці птушыныя спевы чуюцца значна радзей. Тады было вырашана прывабіць птушыных салістаў на тэрыторыю нашай установы і пабудаваць для іх жылы комплекс.  

Натхняльнікам ідэі стаў дзядуля выхаванца Сямёна Аўдзейчыка – Аляксей Аляксеевіч Аўдзейчык. Разам хутка выбралі і месца. Позірк адразу ўпаў на бярозавую алею – радок стройных дрэўцаў, якія па-сяброўску хінуцца адно да аднаго і часта прывабліваюць сваім шэптам адпачыць пад іх кронамі. Нас падтрымала адміністрацыя, у выніку чаго была арганізавана ініцыятыўная група, у склад якой увайшлі педагогі, бацькі і дзеці. Распачалася карпатлівая работа па пабудове домікаў, і ў хуткім часе іх сабралася даволі шмат: арыгінальных і класічных, большых і меншых, у выглядзе палаца і пірацкага будана. Шмат раніц запар веснічкі дзіцячага сада расчыняліся і сустракалі чарговых удзельнікаў праекта, якія велічна неслі сваю шпакоўню. У вачах дзяцей свяцілася радасць і гонар, бо яны не толькі зрабілі добрую справу і падтрымалі птушак, але і карысна правялі час у сямейным коле.

Паралельна праводзілася падрыхтоўчая работа і на занятках у групах. Маленькія эколагі малявалі птушак, гутарылі пра прычыны іх пералёту, канструявалі шпакоўні, слухалі аўдыязапісы птушыных пошчакаў. Абавязковым момантам было вывучэнне тэхналогіі майстравання шпакоўні. Аказваецца, матэрыял павінен быць безальтэрнатыўным – толькі драўніна з мінімумам металу. І фарбаваць іх не рэкамендуецца.

У Міжнародны дзень птушак у нашым дзіцячым садзе панавала святочная атмасфера. Раніцай у актавай зале прайшоў канцэрт, які арганізавалі музычныя кіраўнікі і кіраўнікі фізічнага выхавання. Песні, танцы, вершы дапаўняла тэматычная атрыбутыка – папяровыя птушачкі, зробленыя клапатлівымі рукамі дзяцей і выхавальнікаў.

Потым адбылося ўрачыстае адкрыццё алеі шпакоў “Птушыныя спевы”. Хоць надвор’е не вельмі радавала, аднак гэты факт не паменшыў той узрушанасці, якая валодала ўсімі. Як і заведзена, пад апладысменты перарэзалі чырвоную стужку. Сімвалічна, што адразу пасля гэтага дзейства з’явіўся і першы патэнцыяльны жыхар новага комплексу. Прычым, ён выбраў шпакоўню зялёнага колеру, якую мы змайстравалі ў якасці эксперыменту паводле высновы вопытнага арнітолага, што шпакам больш да спадобы домікі ў зялёных танах.

Выхаванцы атрымалі шмат станоўчых эмоцый, а таксама бліжэй пасябравалі з прыродай. Своеасаблівай рэфлексіяй сталі іх эмацыянальныя размовы з бацькамі, калі тыя забіралі іх вечарам з дзіцячага сада, пра птушак і шпакоўні. Прычым, амаль усе спяшаліся паказаць мамам і татам адкрытую алею “Птушыныя спевы”.

 

Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
выхавальнік ясляў-сада № 79 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий