Дзень беларускай народнай казкі прайшоў у яслях-садзе № 31 Мазыра. Для выхаванцаў другой малодшай групы ён пачаўся з выставы дзіцячых кніг “Казкі, казкі, казкі…”, на якую малых запрасілі беларускія сябры Алеся і Янка.
Менавіта гэтыя персанажы прыходзяць да дзяцей на заняткі па развіцці беларускага маўлення і культуры маўленчых стасункаў, дапамагаюць знаёміцца з роднай мовай і беларускай народнай творчасцю.
Выхаванцы разглядалі ілюстрацыі да казак, на якіх пазнавалі сваіх любімых казачных герояў. Таксама дзеці ўдзельнічалі ў гутарцы “Мая любімая казка”, у дыдактычных гульнях: “Добры (злы) казачны герой”, “Разразныя карцінкі”, “Назаві казку”; тэатральных эцюдах “Адлюструй героя казкі”; размалёўвалі персанажаў беларускіх казак.
Чытанне беларускіх народных казак “Зайкава хатка”, “Коцік, Пеўнік і Лісіца” і паказ настольнага тэатра “Курачка-Рабка” далі магчымасць дзецям пагрузіцца ў дзіўны свет чараўніцтва і ўявіць сябе на месцы герояў. Выхаванцы атрымалі магчымасць зразумець, што такое добра, што такое дрэнна, а яшчэ – веды і вопыт маральных учынкаў, бо ў казцы дабро заўсёды перамагае зло. Для бацькоў быў падрыхтаваны інфармацыйна-наглядны матэрыял “Рэкамендацыі па чытанні казак”.
Знаёмства з беларускай народнай казкай – гэта першае далучэнне дзяцей да культуры і традыцый беларускага народа, гісторыі роднай краіны. Дарэчы, казка фарміруе маральныя каштоўнасці і спрыяе развіццю эмацыянальнай сферы і маўлення дзяцей.
Валянціна ЯЎМЕНАВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 31 Мазыра