Дом-музей Валянціна Таўлая наведалі пяцікласнікі лідскай школы № 5           

- 11:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У рамках Года гістарычнай памяці вучні сярэдняй школы № 5 Ліды наведалі філіял Лідскага гісторыка-мастацкага музея “Дом Валянціна Таўлая”.

Дзяцей даўно цікавіў гэты невялікі будынак, побач з усім вядомым Лідскім замкам. Шчыра кажучы, пяцікласнікі амаль нічога не ведалі і пра самога паэта, які ў ім жыў.

І вось красавіцкім сонечным днём школьнікі, поўныя жадання спазнаць нешта новае, пераступілі парог дома-музея. Атмасфера мінулага паглынула іх адразу і цалкам. Дзеці даведаліся, што Валянцін Таўлай жыў тут з 1939 да 1941 год, што быў ён не толькі паэтам, але і актыўным удзельнікам рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, і нават супрацоўнікам лідскай газеты “Уперад”.

Але найбольш уражанняў у дзяцей выклікаў той факт, што Янка Купала ў сакавіку 1940 года быў у Лідзе, абедаў з Валянцінам Таўлаем, хадзіў па вуліцы Сувальскай, якая цяпер называецца Савецкай і па якой хвілін некалькі таму прыйшлі ў музей яны.

Бурныя абмеркаванні ў юных наведвальнікаў выклікаў падарунак, які зрабіў Валянцін Таўлай ад імя рабочых лідскай гумавай фабрыкі “Ардаль” Янку Купалу – галёшы. Для пяцікласнікаў гэта было яшчэ адно адкрыццё! Яны не ведалі, што некалі, каб не прамачыць ногі, людзі на абутак надзявалі гумавыя накладкі (галёшы). А сакавік 1940 года быў вельмі слотны, мокры. Вось чаму такі падарунак атрымаў у Лідзе беларускі пясняр.

Яшчэ шмат іншага даведаліся дзеці ў доме-музеі Валянціна Таўлая. І ўжо па дарозе дадому яны абмяркоўвалі, якія вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа прачытаюць з нагоды святкавання ў гэтым годзе 140-годдзя з дня нараджэння вялікіх беларускіх песняроў.

 

Валянціна ГАГАЛУШКА,
класны кіраўнік 5 “Б” класа
сярэдняй школы № 5 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий