У дзіцячым садзе № 79 Гродна запусцілі свой YouTube-канал.
Кожная эпоха характарызуецца сваімі звычкамі і традыцыямі. У наш час вельмі папулярнай стала трансляцыя свайго жыцця праз розныя опцыі інтэрнэта. У сацыяльных сетках мы посцім фотаздымкі, змяшчаем “сторыс”, фармулюем статусы, выкладаем займальныя відэасюжэты. Кожны з нас рэгулярна цікавіцца падобнымі дзействамі сваіх знаёмых, ды і не толькі знаёмых. Асабліва цягне да прагляду стракатых гучных стужак дзяцей: яны могуць некалькі гадзін запар назіраць за дзеяннямі імправізаваных герояў у інтэрнэце. Існуюць розныя пляцоўкі з запампаванымі відэа – кожны можа выбраць на свой густ. Адной з маштабных і надзейных з’яўляецца YouTube.
Выхаванцы нашага дзіцячага сада № 79 Гродна не сталі выключэннем з шэрагу аматараў пагасціць на “Ютубе”. Самі яны яшчэ не здольны змайстраваць творчы прадукт, аднак вельмі мараць пра гэта. Па нашых назіраннях, большасць дзяцей імкнецца трапіць па той бок экрана і сачыць, як іх ролік набірае лайкі. Мы вырашылі выкарыстаць гэтую прыхільнасць і запланавалі адкрыць YouTube-канал нашага дзіцячага сада. Адміністрацыя ідэю падтрымала, таму хутка быў распрацаваны своеасаблівы бізнес-план па разгортванні праекта. Размеркавалі абавязкі, абдумалі тэматыку, наладзілі абсталяванне. Пастанавілі, што будзем папулярызаваць сумеснае сямейнае прявядзенне часу, бо праблема аддаленасці родных з-за апантанасці гаджэтамі сапраўды існуе.
Якраз набліжаецца свята Вялікадня, усе сем’і карпатліва да яго рыхтуюцца. У сувязі з гэтым мы прапанавалі бацькам падзяліцца ўласнымі сакрэтамі святкавання гэтага дня: афарбоўкі яечак, сервіроўкі стала, аздаблення кулічоў і г.д. Але прапаноўвалася не проста расказаць пра гэта, а запісаць майстар-клас на відэа. Прыемна, што адклікнулася шмат жадаючых. Аднак праводзілася пэўная цэнзура: кожнае відэа павінна несці выхаваўчы патэнцыял. Наш тэхнічны рэдактар аператыўна манціравала ролікі і размяшчала іх на YouTube-канале дзіцячага сада. Сапраўды, сюжэты аказаліся займальнымі і змястоўнымі. Так, гледачы змаглі даведацца, як зрабіць арыгінальныя ўзоры на яйках, як прыгожа і эрганамічна скласці кошычак з велікоднымі атрыбутамі, як размеркаваць абавязкі паміж усімі членамі сям’і. Напрыклад, прыемна было назіраць, як узаемадзейнічалі і дапамагалі адной маме ўсе яе трое дзетак: калі яшчэ такая нагода надарыцца!
Функцыянаванне канала атрымала даволі шырокі рэзананс: у калідорах пастаянна чуліся гутаркі наконт ролікаў, і нават па-за межамі дзіцячага сада даведаліся пра наша ноу-хау. Як мамы, так і дзеці цікавіліся кантэнтам сваіх так званых калег: ужо пры асабістых сустрэчах удакладнялі некаторыя моманты, задавалі пытанні, узгадвалі свой вопыт. А малышы з гонарам паведамлялі пра колькасць лайкаў пад сваімі сюжэтамі і каменціравалі “выступленні” сяброў па групе.
Праект запланаваны як доўгатэрміновы. Пасля запуску першага цыкла ролікаў пра Вялікдзень мы зразумелі, што абавязкова будзем працягваць. Наступныя тэмы – “Мой выхадны дзень з бацькамі”, “Як я правёў лета”, “Традыцыі на дзень нараджэння”, “Маё хобі”, “Што я хачу сказаць выхавальніку” і г.д. Мы імкнёмся навучыць дзяцей ганарыцца сабой і сваімі роднымі, нязмушана выступаць перад экранам, даваць ацэнку іншым акцёрам-аматарам.
Як бачым, такая форма работы з бацькамі, як трансляцыя сямейнага вопыту сродкамі інтэрнэту, станоўча зарэкамендавала сябе. Яна з’яўляецца сучаснай, актуальнай і эфектыўнай. Гэта выклікае цікавасць у розных пакаленняў, што спрыяе іх яднанню.
Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
выхавальнік дзіцячага сада № 79 Гродна