Тыдзень хіміі ў Алекшыцкай сярэдняй школе

- 15:45ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Алекшыцкай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна прайшоў тыдзень хіміі. Гэта былі не проста цікавыя пазакласныя мерапрыемствы, але і першыя крокі ў краіну Хіміі для вучняў, якія яшчэ не вывучаюць гэтую цудоўную навуку.

Тыдзень хіміі – гэта нагода для навучэнцаў старшых класаў падзяліцца ўласнымі адкрыццямі са сваімі малодшымі сябрамі, чаканне чагосьці нязведанага, незвычайнага. А пачалося ўсё з традыцыйнай лінейкі, у ходзе якой анансаваліся мерапрыемствы, прайшла прэзентацыя выставы “Хімія – цікавая навука”. На дзвярах кабінетаў навучэнцаў сустракалі выказванні вядучых вучоных-хімікаў.

На працягу тыдня на перапынках вучні 7–11-х класаў рашалі хімічныя задачы, удзельнічалі ў віктарыне “Ці ведаеш ты хімію?”. Сямікласнікі адправіліся ў падарожжа “Першапачатковыя хімічныя паняцці” на караблях “Ламаносаў”, “Мендзялееў”, “Бутлераў”, а адзінаццацікласнікі пазмагаліся на турніры “Хімічны калейдаскоп”.

Цікава прайшла інфармацыйная гадзіна ў 5-м класе “Пазнаёмцеся, гэта хімія!”, а вучні 10-га класа адшукалі і прэзентавалі невядомыя факты з біяграфіі Д.І.Мендзялеева. Чацвер прапанаваў зацікаўленым відэакруіз “Цікавы свет ператварэнняў”.

Вучні з задавальненнем прымалі ўдзел у мерапрыемствах тыдня. Але ні для каго не сакрэт, што самае цікавае ў хіміі – гэта магчымасць “пахімічыць”. Таму найбольшую цікавасць выклікаў практыкум “Гадзіна займальных вопытаў”, на якім старшакласнікі дэманстравалі хімічныя эксперыменты для навучэнцаў пачатковых і сярэдніх класаў, якія яшчэ не вывучаюць гэты прадмет, але цяпер будуць з нецярпеннем яго чакаць.

Усіх здзівілі першакласнікі, якія ўжо ведаюць толк у хімічных пераўтварэннях, што даказалі ў групе падоўжанага дня, правёўшы там майстар-клас па прыгатаванні дзіцячай забаўкі – слайма або лізуна. У хуткім часе нашы самыя юныя даследчыкі рыхтуюцца абараняць работу “Хатняя слайм-лабараторыя” на раённай навукова-практычнай канферэнцыі.

Дух спаборніцтва, дэманстрацыя здольнасцей, эрудыцыя і кемлівасць панавалі ў суботу падчас завяршэння тыдня. Каманды з захапленнем змагаліся ў конкурсах “Шыфроўка”, “Рэбусы”, “Хуткая дапамога”, “Знайдзі лішняе”, “Угадай слоўца” і інш. Акрамя задавальнення ад перамогі ўдзельнікаў каманд-пераможцаў чакала ўзнагарода ў выглядзе высокіх балаў па хіміі.

Такім чынам, на працягу тыдня алекшыцкія вучні пераканаліся, што без хіміі немагчыма наша жыццё, бо гэта навука – тэрыторыя цудаў!

 

Алена ШАКОЦЬ,
настаўнік хіміі
Алекшыцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий