Дзіцячыя мары навучэнцаў сярэдняй школы № 3 Ашмян

- 13:00ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Цікава і з захапленнем прайшоў урок літаратурнага чытання “Верш “Дзіцячыя мары” Т.Кляшторнай” у 2 “В” класе сярэдняй школы № 3 Ашмян. Падчас гутаркі дзеці дзяліліся сваімі запаветнымі марамі.

Пра што мараць сучасныя дзеці? Пра цацкі, падарункі, хатніх гадаванцаў ці прысмакі. Хтосьці марыць стаць лётчыкам або мараком. Некаторыя – атрымліваць добрыя адзнакі ў школе, або каб мама ніколі не хварэла.У кожнага свая дзіцячая мара.

Арцём Кішкель, напрыклад, марыць быць, як тата, ваенным. Бацька хлопчыка працуе ў ваенным камісарыяце горада. Шмат цікавага пра сваю прафесію ён расказвае сыну. Старэйшы брат Арцёма ў гэтым годзе паступіў у ваенную акадэмію. Вось і Арцём цвёрда вырашыў стаць афіцэрам. Ён лічыць, што гэта прафесія – адна з самых важных у свеце. Хлопчыку падабаецца ваенная форма, асабліва пагоны. Аднойчы ён прынёс у школу татавы пагоны малодшага лейтэнанта і прымяраў на сабе. Цяпер тата Арцёма ўжо маёр! Яго фотаздымак знаходзіцца на школьным стэндзе “Ганаровыя выпускнікі школы”. Хлопчык вельмі ганарыцца бацькам.

А вось Дзіма Пятлёха марыць стаць, як і бацька, гаспадаром лесу – егерам. Разам з татам Дзіма часта бывае на паляванні і ведае шмат цікавага пра характар дзікіх звяроў. Юны паляўнічы можа доўга расказваць пра свае прыгоды падчас палявання і пра іх з татам паляўнічы трафей. А яшчэ бацька часта бярэ Дзіму з сабой на рыбалку. Аднойчы хлопчык нават удзельнічаў у спаборніцтвах па рыбнай лоўлі і заняў прызавое месца. Другакласнік Дзіма быў самым малодшым ўдзельнікам спаборніцтваў і атрымаў ганаровую грамату.

Караліна Яўташук хоча стаць мастаком. Дзяўчынка вельмі любіць маляваць. “Калі мне становіцца сумна, – гаворыць Караліна, – я бяру паперу, фарбы і малюю. Настрой адразу змяняецца ў лепшы бок.”

Сафія Валейка любіць жывёл, хоча стаць ветэрынарам, каб іх лячыць. Дома ў дзяўчынкі жыве коцік і папугай Кеша. Тата паабяцаў, што летам купіць сабачку, і Соня ўжо думае, як яго назваць.

Вера Роўдан, як і маці, марыць стаць настаўніцай і вучыць дзяцей. Ужо цяпер яна любіць на перапынках раздаваць сшыткі аднакласнікам і заўсёды з радасцю дапамагае ў вучобе сваім таварышам.

Яна Мацкойць упэўнена, што будзе ўрачом і зможа пераадолець цяжкія захворванні. Дзяўчынка вучыцца на выдатна і вельмі стараецца быць лепшай ва ўсіх справах.

Мара – гэта нешта чароўнае. Яна звязана з добрым і выдатным і дазваляе чалавеку верыць у лепшае. Вельмі спадзяюся, што мары маіх вучняў спраўдзяцца. А пакуль галоўнае – добра вучыцца ў школе!

 

Ала ПРАКОПЧЫК,
класны кіраўнік 2 “В” класа
сярэдняй школы № 3 Ашмян

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий