Куток праваслаўнай культуры адкрылі ў школе

- 10:23ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Сянькоўшчынскай сярэдняй школе Слонімскага раёна прайшло ўрачыстае мерапрыемства ў рамках інавацыйнага праекта па духоўна-маральным выхаванні “Жывое слова мудрасці народнай”, прысвечанае адкрыццю кутка праваслаўнай культуры.

На свяце прысутнічалі ганаровыя госці: благачынны Слонімскай царкоўнай акругі Вадзім Пятліцкі, сакратар камісіі па кананізацыі святых Навагрудскай епархіі, настаяцель храма прарока Ільі протаіерэй Генадзь Логін, настаяцель храма прападобнага Серафіма Сароўскага іерэй Фёдар Малееў.

Святар Генадзь Логін пазнаёміў прысутных з гісторыяй узнікнення кніг і дазволіў атрымаць асалоду, дакрануўшыся да незвычайнай калекцыі старадаўніх кніг. Параіў вучням сябраваць з кнігай, бо яна з’яўляецца крыніцай ведаў і мудрасці.

На працягу ўсяго мерапрыемства адзначалася, што нам ёсць кім і чым ганарыцца. Сучаснае пакаленне павінна з удзячнасцю аддаваць даніну павагі продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства ў нашай краіне. Гучалі імёны вядомых асоб, дзейнасць якіх складае цэлыя эпохі ў культурным жыцці нашай краіны. Гэта святыя Кірыл і Мяфодзій, Ефрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына і многія іншыя.

Час немагчыма спыніць. Зараз у Беларусі працуе вялікая колькасць друкарняў, мільённымі тыражамі выпускаюцца кнігі і газеты. Друкарская справа, пачатая больш за пяцьсот год таму таленавітым беларусам, паспяхова развіваецца.

2022 год – Год гістарычнай памяці і год юбiлеяў нашых славутых суайчыннiкаў, кім мы па праву ганарымся. Падчас адкрыцця кутка праваслаўнай культуры немагчыма было не ўспомніць імёны славутых юбіляраў Янкі Купалы i Якуба Коласа і іх вершы.

У ходзе мерапрыемства вучні прыйшлі да высновы, што на спадчыне роднай краіны ўзрошчваецца душа народа, сапраўдны патрыёт, што, “бедны той, хто… не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, – гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы”.

Давайце будзем вучыцца верыць у цуды, жыць сумленна, справядліва, ставіцца адно да аднаго па-добраму, і тады бяда – не бяда.

Мерапрыемства спрыяла выхаванню дабра, міласэрнасці, спачування, спагады, справядлівасці, гонару за багатую спадчыну і гісторыю нашага краю. Гэта якасці, якія трэба берагчы ў сабе і памнажаць.

 

Таццяна НАДУДЗІК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Сянькоўшчынскай сярэдняй школы
Слонімскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий