У рамках пілотнага праекта вучні 10-га класа Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна наведалі музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі і палац Пуслоўскіх у горадзе Косава Івацэвіцкага раёна. Дзве сядзібы знаходзяцца адна насупраць другой, размясціўшыся па розныя бакі сучаснай шасэйнай дарогі.
Сям’я Касцюшкаў жыла ў аднапавярховай драўлянай сядзібе, арандуючы землі ва ўладальніка Косаўскага Ключа Яна Сапегі. Сучасныя экспазіцыі знаёмяць з размяшчэннем пакояў гэтага невялікага маёнтка: звычайная кухня з вялікай печчу, тут жа сталовы стол з шасцю драўлянымі крэсламі. Па колькасці членаў сям’і практычна абстаўлены кабінет і пакой для гасцей, спальны пакой бацькоў і тут жа драўляная дзіцячая люлька.
Нягледзячы на невялікі даход сям’і, Т.Касцюшка атрымаў для таго часу добрую адукацыю. Ён валодаў пяццю мовамі, іграў на фізгармоніі, сам складаў музыку і добра маляваў, рэпрадукцыі яго карцін і сёння знаходзяцца ў экспазіцыі маёнтка. Галоўная ж заслуга, якая прынесла Касцюшку гістарычную памяць – гэта яго ваенны талент, прызнаны ў Амерыцы і Францыі, а таксама ў Польшчы. У розных частках свету Т.Касцюшка ваяваў заўсёды за свабоду прыгнечаных. Помнікі Т.Касцюшку ёсць у Амерыцы і Францыі, Польшчы і Беларусі – гэта сведчанне памяці нашаму неардынарнаму земляку.
Палац Пуслоўскіх уражвае сваёй манументальнасцю і прыгажосцю. Ён лічыўся адным з прыгажэйшых будынкаў Беларусі дзевятнаццатага стагоддзя. Сам будынак налічваў сто пакояў і ні адзін з іх не паўтараўся. Вакол палаца быў закладзены ўнікальны парк, было мноства скульптур і экзатычных дрэў. Існуе меркаванне, што У.Караткевіч у аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” апісваў менавіта гэты палац і яго мясцовасць. На жаль, сёння мы не можам агледзець багаты парк, які так маляўніча апісаў пісьменнік, застаецца толькі ўключыць фантазію і ўявіць. І яшчэ. Сёння мы павінны быць удзячнымі роду Пуслоўскіх за тое, што радавая сядзіба Касцюшкаў упершыню была адноўлена менавіта імі, у знак глыбокай павагі да Тадэвуша Касцюшкі.
Ніна ТАРАНОВІЧ,
класны кіраўнік 10-га класа
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна