Дашкольны ўзрост – самы прыдатны час для развіцця творчых здольнасцей дзіцяці. У яслях-садзе вёскі Беняконі Воранаўскага раёна разнастаіць выяўленчую дзейнасць, зрабіць яе больш захапляльнай дапамагаюць нетрадыцыйныя тэхнікі малявання, у прыватнасці, кляксаграфія.
Трохгадовыя дашкаляты цалкам здольныя ставіць фарбай кляксы, а затым разглядаць іх, каб нешта ўявіць. Для выканання адной работы неабходны ліст паперы, пэндзлік або піпетка, вада, гуаш і выдатны настрой. Маляваць неабходна толькі на адной палове ліста. Дзеці накапваюць кляксы рознага колеру, згінаюць ліст, каб кляксы адпячатваліся з другога боку. Затым разглядаюць атрыманыя малюнкі і разважаюць, на што яны падобныя.
Выхавальнік пры гэтым дапамагае дзіцяці наваднымі пытаннямі: “На што падобная твая клякса?”, “Якую жывёлу або расліну яна табе нагадвае?”, “Які ў яе характар, яна вясёлая або сумная?” і гэтак далей. Такія разважанні вельмі карысныя, паколькі развіваюць мысленне, гаворку і фантазію выхаванцаў.
Гэта тэхніка разнявольвае дзяцей: іх творчасць становіцца смелай і непасрэднай (бо на звычайным занятку педагог за кляксы робіць заўвагу, а тут гэта – аснова працы).
Дапамагалі выхаванцы і кветачкам, якія вельмі хацелі піць. Дзецям неабходна было намаляваць дожджык з дапамогай трубачак і паветра. Хмарка малюецца васковым алоўкам, а дожджык – метадам кляксаграфіі: трэба абмакнуць саломінку ў кубачак з фарбай, капнуць плямку на лісток, а затым падзьмуць на яе. Такая дзейнасць карысная і для здароўя дашкольнікаў, бо ўмацоўвае дыхальную сістэму і павышае эмацыйны фон.
Кляксаграфія ў дзіцячым садку – не толькі тэхніка малявання, але і выдатны спосаб весела правесці час. Эксперыментуючы з фарбамі, дзеці ствараюць нечаканыя і мудрагелістыя выявы. Прычым, раздзімаючы кляксу, ніколі нельга адгадаць загадзя, як будзе выглядаць канчатковы малюнак.
Юлія УЛАНОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада в. Беняконі
Воранаўскага раёна