Вынікі пазнавальна-практычнай дзейнасці зэльвенскіх дашкольнікаў

- 14:56ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Кожную вясну ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы на падаконніку гадуюць “Агарод”.

Мы з дзецьмі вельмі любім гэты конкурс, бо можна глядзець, як растуць расліны. У сваім “Агародзе” мы звычайна саджаем такія расліны, якія потым можам паспрабаваць: цыбулю, кроп, пятрушку, часнок. Дзеці заўсёды прымаюць актыўны ўдзел і з цікавасцю назіраюць за ростам. У гэтым годзе мы дадалі да пасадак агуркі і кветкі.

Спачатку мы выбіраем ідэальнае месца, дзе свеціць сонца, потым кладзём грунт у вазоны і высейваем пасадачны матэрыял. Далей пачынаецца самае цікавае – прарастанне насення. Змены, якія адбываюцца тут, хуткія, яркія, наглядныя. Паклалі ў зямлю насенне, сказалі чароўныя словы – глядзіш, праз некалькі дзён прабіліся да святла парасткі. Дзень за днём набіраюць яны сілу, растуць, цешачы дзяцей сваёй зелянінай.

Дзеці кожную раніцу, прыходзячы ў групу, хутчэй глядзяць, ці з’явіліся парасткі. У групе прызначаюцца дзяжурныя па паліве расады. Мы разам з дзецьмі вядзём дзённік назірання праросту насення, куды ўсё запісваем і замалёўваем нашы “дасягненні” ў агародзе.

За гэты час правялі доследы: назіранне за ростам каранёвай сістэмы цыбулі ў вадзе, ростам цыбулі ў розных умовах (цыбуля расце ў зямлі, яе паліваюць, і яна стаіць на падаконніку – цыбуля, якая расце ў зямлі, але ў цёмным месцы).

Расаду кветак аксамітак, герані, агератуму мы перасадзілі на сваю клумбу на вуліцу, кветкі радуюць нас на прагулцы.

Ужо цэлы месяц мы выкарыстоўваем вырашчаную цыбулю і кроп у ежу. Гэта каштоўныя вітаміны. А расаду агуркоў мы высадзілі ў цяплічку на агародзе ўстановы. Аднак для эксперыменту пакінулі адну расаду на падаконніку. І ўжо знялі першы ўраджай агуркоў!

Агарод на акне стаў добрым памочнікам у выхаванні ў дзяцей экалагічнай культуры, пашырыў іх уяўленні аб раслінах як жывых арганізмах, аб умовах, неабходных для росту і развіцця.

Стварэнне ўмоў у групе па вырошчванні культурных агародных раслін садзейнічае развіццю ў выхаванцаў пазнавальнай цікавасці да даследчай дзейнасці, раскрыццю творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу дашкольнікаў, далучае дзяцей да практычнай дзейнасці.

 

Тамара БОРТНІК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий