З мэтай збору музейных экспанатаў падчас правядзення экспедыцыі па ваколіцах Начы, дзе пражывала мясцовая шляхта, членамі пошукавай групы Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна была знойдзена разліковая кніжка па абавязковай пастаўцы малака нямецкім акупацыйным уладам у чэрвені 1942 года.
У ходзе экспедыцыі вучні даведаліся, што акупацыйны рэжым, які быў устаноўлены гітлераўцамі на захопленай тэрыторыі нашай Радзімы, быў накіраваны на тое, каб ператварыць актыўную масу “іншароднага насельніцтва” ў напаўпісьменных рабоў, а значную частку проста знішчыць. Паводле падзелу захопленай тэрыторыі, які завяршыўся восенню 1941 года, вёска Нача, уваходзіла ў межы Лідскага гебітскамісарыята. У валасцях і вёсках ствараліся так званыя органы мясцовага самакіравання на чале з бургамістрамі і старастамі. У многіх населеных пунктах знаходзіліся карныя атрады, у вёсках – паліцэйскія.
Дзецям было цікава пачуць, што ў Начу немцы наведваліся даволі рэдка, часцей заязджалі паліцэйскія, што ў вёсцы быў стараста з мясцовых сялян (як тады казалі, солтыс) Баляслаў Налівайка, назначаны на гэтую пасаду супраць сваёй волі. У яго абавязкі ўваходзіла сачыць, каб людзі своечасова збіралі прадукты харчавання для нямецкай арміі. Калі ў вёску меліся прыехаць немцы, то ён збіраў жанчын, якія рыхтавалі немцам ежу ў будынку школы.
Вучні-краяведы сустрэліся са старэйшым жыхаром вёскі, сведкам тых падзей, 95-гадовым Багданам Жамойтэлям, і дзякуючы яго ўспамінам даведаліся шмат цікавага. Пан Богдан (так называюць нашага героя ў вёсцы) расказаў, што прымусовыя рэквізіцыі прадуктаў харчавання, фуражу, воўны і г.д. пачаліся адразу з устанаўленнем акупацыйнага рэжыму, усё гэта пастаўлялася на прыёмныя пункты, размешчаныя ў розных вёсках, што запісы ў кніжцы рабіў жыхар вёскі Пузелі Ян Моргевіч. Ён жа і адвозіў малако на прыёмны пункт у вёску Юрэлі, так як у Начы пункт збору малака быў знішчаны партызанамі. Таксама ён патлумачыў, што ў кніжцы запісаны ўсе жыхары вёсак, якія мелі карову, адзначалася колькасць здадзенага малака штодня, што за невыкананне плана прадугледжваўся расстрэл.
Інфармацыя пра экспанат уключана ў тэкст экскурсіі “І няхай пакаленні помняць”, звяртаецца ўвага на яго арыгінал, на тое, што ёсць яшчэ сведкі таго, якім было жыццё ў гады нямецкай акупацыі ў нашай мясцовасці.
Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ,
кіраўнік гістарычна-краязнаўчага музея імя Т.Нарбута
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна