Дырэктар Хаціслаўскага сельскага дома культуры Галіна Хомік не адзін год займаецца вывучэннем, адраджэннем і папулярызацыяй сярод насельніцтва, у тым ліку сярод моладзі, свят і абрадаў, якія раней бытавалі на Маларытчыне, найперш на тэрыторыі Хаціслаўскага сельсавета.
– Традыцыі і абрады кожнага народа складаюцца стагоддзямі і перадаюцца з пакалення ў пакаленне як важная і неад’емная частка адметнага ладу жыцця чалавека, – гаворыць Галіна Іванаўна. ‒ Спрадвеку культурная спадчына беражліва захоўвалася і шанавалася ў народзе, бо яна выразна адлюстроўвае яго духоўнае аблічча, моц і ўнутраны свет, дазваляе адчуць сувязь часоў і пакаленняў. Адраджэнне абрадаў і традыцый народнай культуры ‒ адзін са шляхоў духоўна-маральнага абнаўлення і аздараўлення грамадства. Гэта асабліва актуальна сёння, калі вёскі паступова “выміраюць”. З кожным годам становіцца ўсё менш носьбітаў мясцовай культурнай традыцыі, але яшчэ сустракаюцца бабулі і дзядулі, якія памятаюць пэўныя абрады. Трэба паспець запісаць ад іх аўтэнтычную культуру і перадаць наступным пакаленням.
Галіна Хомік разам з заслужаным узорным клубам аматараў фальклору “Вясковая табала” вярнула з небыцця некалькі самабытных абрадаў, якія бытавалі на Маларытчыне: “Іванавы ягады”, “Хрэсьбіны”, “Пярэзвы”. А нядаўна да іх дадаўся яшчэ адзін каларытны абрад ‒ “Юр’еў дзень”.
– Старажытнае свята народнага календара Юр’я адзначаецца ў гонар святога Георгія Пабеданосца, заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы, якому моляцца за дзяцей, аб дапамозе пры хваробах… – расказвае Галіна Іванаўна. ‒ Нашы продкі лічылі, што менавіта на Юр’я пачынала куваць зязюля, прабуджаліся ад сну прырода. Гэты дзень увасабляў пачатак вясны, першы выган жывёлы на выпас. Юр’еў дзень у нашых продкаў быў напоўнены шматлікімі абрадавымі дзеяннямі, песнямі, карагодамі, павер’ямі і прыкметамі. На Юр’я гаспадары з хлебам і рознымі стравамі выходзілі на палеткі. З абразамі і абрадавымі песнямі абыходзілі вакол поля. Дзяўчаты і хлопцы качаліся па збожжы, каб яно расло буйным і давала вялікі ўраджай. Потым па полі на ручніку каталі каравай, вадзілі карагоды. З гэтым днём звязана шмат павер’яў і прыкмет, якія тычацца дабрабыту сям’і і дастатку.
Клубаўцы паспрабавалі максімальна адрадзіць абрад, распаўсюджаны раней у Хаціславе. Рэканструяваны абрад і яго фрагменты гледачы змогуць убачыць падчас выступленняў “Вясковай табалы”.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара