У яслях-садзе № 5 Маларыты прайшла дэкада патрыятычна-выхаваўчай работы “Мы памятаем! Мы ганарымся!”, прымеркаваная да Года гістарычнай памяці.
У рамках дэкады адбылося шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў. Так, выхаванцы старшых груп усклалі кветкі да помніка ў скверы райцэнтра, наведалі гістарычны музей “Патрыёт” у сярэдняй школе № 2 Маларыты, падрыхтавалі канцэрт для бацькоў.
Але, бадай, самым адметным стала спартыўнае свята, арганізаванае разам з раённым аддзяленнем Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах і раённым аддзелам МНС.
Мерапрыемства праходзіла ў басейне дашкольнай установы. Пасля прывітання і музычнай размінкі ў вадзе каманды “Матросы” і “Падводнікі” пачалі спаборніцтвы. Для перамогі патрабавалася паспяхова пераадолець шэраг конкурсных выпрабаванняў: “Снарады да бою рыхтуй!”, “Асцярожна: міны!”, “Трапны снайпер”, “Паранены баец”, “Узяцце крэпасці”, “Зорачкі”. Ва ўпартай і напружанай барацьбе перамагла… дружба. Усе ўдзельнікі спартыўнага свята атрымалі ўзнагароды.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі