У рамках тэматычнага тыдня “Хутка ў школу” і пераемнасці паміж дзіцячым садам і школай выхаванцы старшых груп ясляў-сада гарадскога пасёлка Радунь Воранаўскага раёна наведалі Радунскую сярэднюю школу.
Адзін з галоўных напрамкаў работы ясляў-сада гарадскога пасёлка Радунь – падрыхтоўка дзяцей да навучання ў школе. Для паспяховай адаптацыі першакласнікаў важна загадзя падрыхтаваць іх да гэтай падзеі, абмеркаваць магчымыя цяжкасці, знайсці канструктыўныя спосабы вырашэння праблем.
У Радунскай сярэдняй школе дашкольнікаў гасцінна сустрэла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Міляева, якая адразу запрасіла дзяцей адчуць сябе вучнямі на ўроку. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем выконвалі заданні, якія ім падрыхтавалі героі мультфільма “Смяшарыкі”. Заданні былі цікавымі і разнастайнымі: загадкі, шарады, пытанні на кемлівасць. Таксама выхаванцы змаглі ўбачыць вучэбныя класы, актавую залу, групу падоўжанага дня, школьную сталовую, вялікую спартыўную залу.
Экскурсія дашкалятам вельмі спадабалася. З радаснымі ўражаннямі дзеці вярнуліся ў дзіцячы сад і яшчэ доўга абмяркоўвалі школьнае жыццё.
Галіна БЯРЦЭВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада г.п. Радунь