Вучні Малабераставіцкай школы ў пошуках таямнічага экспаната

- 13:12ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Для вучняў 3-га класа Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна праведзены музейны занятак-гульня “Таямнічы экспанат”.

Асноўныя фонды народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы налічваюць 1246 экспанатаў. Кожны экспанат нясе пэўную інфармацыю і валодае нейкай таямніцай.

На пошукі таямнічага экспаната адправіліся вучні трэцяга класа ў ходзе музейнага занятку-гульні. У чароўным куфэрку знаходзіўся сучасны “сваяк” таямнічага экспаната. Каб адчыніць куфэрак і даведацца, пра які прадмет пойдзе гаворка, вучням неабходна было адгадаць некалькі загадак.

Кемлівасць школьнікаў хутка дапамагла ім знайсці адказ. Куфэрак адчыніўся – дзеці ўбачылі сучасны электрычны прас. Для чаго і як ім карыстаюцца, кожны адказаў з упэўненасцю. Але юных краязнаўцаў чакала новае выпрабаванне: знайсці, чым прасавалі людзі раней.

У экспазіцыі музея прадстаўлены розныя віды жалезных прасаў (жалязкаў), пра якіх вучні ўжо шмат ведалі. Пошукі працягваліся далей. Чым карысталіся нашы продкі да з’яўлення прасаў? Каб адшукаць таямнічы прас, юным даследчыкам спатрэбілася больш часу. Незвычайны драўляны прадмет, які называецца валкаўніца, выкарыстоўвалі нашы продкі да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Кожны юны даследчык пазнаў таямніцы валкаўніцы, паспрабаваўшы папрасаваць, як гэта рабілі раней.

 

Вікторыя КІСЯЛЕЎСКАЯ,
кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”
Малабераставіцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий