Дзейнасць установы, якая на працягу дзесяцігоддзяў дапамагае сваім навучэнцам развівацца і вызначаць месца ў жыцці, высока ацэньваюць не толькі навучэнцы і іх бацькі. Сёлета педагагічны калектыў установы за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі быў адзначаны прэзідэнцкай прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. Гэтая ўзнагарода – вынік шматгадовай стараннай працы дарослых і дзяцей.
Усё пачалося ў 1977 годзе з гарадскога Дома піянераў, дзе працавалі ўсяго тры аддзелы: палітыка-масавы, а таксама тэхнічнай і мастацкай творчасці. Наведвалі Дом піянераў тады больш за 600 дзяцей.
Сучасны Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – не толькі сучасны, прасторны і светлы будынак з утульнымі кабінетамі і заламі, але сапраўднае сузор’е дзяцінства. Сёння ўстанову наведваюць амаль тры тысячы дзяцей, якія канструююць мадэлі з паперы, драўніны і пенапласту, вырабляюць і апрабоўваюць мадэлі аўтамабіляў і самалётаў, адточваюць арганізатарскія і акцёрскія здольнасці, асвойваюць жывапіс, малюнак, графіку, бацік, мастацкі роспіс, кераміку, пляценне і аплікацыю з саломкі, мяккую цацку, тэкстыльны дызайн, мадэляванне адзення.
Вялікае шчасце для педагогаў – вырасціць дастойных беларусаў. Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне пачынаецца з вывучэння роднай прыроды, гісторыі малой радзімы. У Год гістарычнай памяці асабліва важная работа аддзела турыстычна-краязнаўчай і эколага-біялагічнай работы. Мясцовы матэрыял – помнікі гісторыі, культуры, прыроды – вывучаецца не толькі на занятках гурткоў, але і падчас экскурсій, паходаў і паездак па вобласці.
Вялікая ўвага надаецца дзейнасці філіяла “Пост Памяці” ў Брэсцкай крэпасці, у якога гэты год таксама юбілейны. За 50 гадоў ён стаў для амаль 100 тысяч навучэнцаў Брэста школай мужнасці і патрыятызму. Тут юнакі і дзяўчаты праходзяць страявую, агнявую і медыцынскую падрыхтоўку, вучацца абыходзіцца са зброяй і выконваць рытуалы, займаюцца пошукавай работай. У сэрцы кожнага юнармейца назаўсёды застаюцца трапяткія пачуцці да загінуўшых абаронцаў Брэсцкай крэпасці і моцнае жаданне міру на зямлі.
Асаблівы гонар цэнтра – творчыя калектывы, якія прапагандуюць нацыянальную культуру ў нашай краіне і за яе межамі. Сярод іх – узорныя ансамблі народнага танца “Праменьчык” і “Злаціца”, узорныя студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка”, “Акварыум” і “Дэкор”, узорная студыя моды і дызайну адзення “Крэатыў”, узорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Крокі” і ўзорная вакальная студыя “Аліса”.
Штогод цэнтр арганізоўвае конкурсы дзіцячай творчасці, накіраваныя на выяўленне і развіццё таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак у розных відах дзейнасці. Юбілейнага свята з нецярпеннем чакаюць самыя паспяховыя гурткоўцы. Па выніках навучальнага года за высокія дасягненні ў конкурсах і мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню яны атрымаюць узнагароду “Твая вышыня”, заснаваную ў 2016 годзе пры ўдзеле апякунскага савета.
“Наша ўстанова – гэта дзіўны свет творчасці, дзе створаны аптымальныя ўмовы для задавальнення розных запытаў дзяцей і іх бацькоў. Многія навучэнцы вызначылі месца ў жыцці дзякуючы тым напрамкам дзейнасці, па якіх займаліся ў нашым цэнтры. У гэтым вялікая заслуга высокапрафесійных і творчых педагогаў, якія любяць дзяцей і сваю справу”, – адзначае дырэктар установы Ю.А.Глебік.
Лілія БАРАЎСКАЯ,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета
Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста