Дзіцячы сад, да пабачэння! Сцэнарый ранішніка для дзяцей старшай групы

- 13:38Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

 

Маргарыта ТАРАСЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 83 г. Гродна”

 

 

Мэта: Стварыць святочны, эмацыйны настрой.

Матэрыял і абсталяванне: музычныя інструменты, два заплечнікі, школьныя рэчы, лічбы для гульні.

Папярэдняя работа: развучванне вершаў, прыказак, песень, танцаў, аркестра.

 

 

Ход ранішніка

Зала святочна ўпрыгожана.

Вядучы: Добры дзень, шаноўныя госці! Сёння свята дзетак нашых – свята выпускное! Сустракайце нашых выпускнікоў!

Дзеці пад музыку ўваходзяць у залу.

Дзіця:

Бывай, бывай, садок,
Гасцінны наш і светлы,
Ты даў нам першы ўрок
Гасцінных ведаў!

Дзіця:

Чароўны свет прыгод
З табою пазнавалі,
Вясёлы карагод
Вадзіў ты разам з намі!

Дзіця:

Бывай, бывай, садок
Бывайце, цацкі нашы,
Чакае нас урок
У школьным класе.

Дзіця:

Нам будуць сніцца век,
Напевы калыханкі.
І дзіўныя твае
Пацешкі-казкі.

Песня “Развітанне з садком”

Дзіця:

Кветак букеты і віншаванні,
Слёзы радасці і сум развітання
Прыносіць з сабой да нас незнарок
Апошні садаўскі дзянёк!

Дзіця:

Жыццё адкрывае для нас сваю далеч,
Мы вольныя ажыццяўляць свае мары,
І праводзіць нас на скрыжаванне дарог
Апошні садаўскі дзянёк!

Усе дзеці:

Наш садок, з удзячнасцю
Вітаем песняй мы цябе!

 

Песня “Удзячнасць”

Пад музыку ўваходзяць Бураціна і Мальвіна.

Мальвіна і Бураціна: Добры дзень!

Мальвіна: Чулі мы, што ў гэтым садзе ёсць дзеці, якія хочуць вучыцца і збіраюцца ў першы клас.

Дзеці: Так!

Бураціна: Ой, мае ж вы даражэнькія, навошта вам гэта? Хіба не лепей бегаць па вуліцы, у жмуркі гуляць. Што добрага ў гэтай навуцы?

Вядучы: Ці праўду кажа Бураціна? Давайце раскажам прыказкі.

Дзеці па чарзе расказваюць прыказкі.

Дзіця: “Век жыві – век вучыся”.

Дзіця: “Вучэнне – свет, а невучэнне- цьма”.

Дзіця: “Жыццё пражыць не поле перайсці”.

Дзіця: “Не глядзі, што на галаве, а паглядзі, што ў галаве”.

Дзіця: “Сем разоў адмерай – адзін раз адрэж”.

Бураціна: Ой, як цікава! Але ў школу бяруць вельмі разумных дзяцей, а вы ж пэўна не ўсе ведаеце. Напачатку адгадайце загадкі, Мальвіна загадвай.

Мальвіна:

Сам я еду на табе.
А хаваю я ў сабе,
Сшыткі, кніжкі ды алоўкі,
Ласцік, фарбы, пэндзлік лоўкі…
Мноства тут патрэбных рэчаў.
Здагадаўся? Я – (заплечнік).

 

За алоўкамі прыбіраю.
Ён напіша – я сціраю. (Ласцік)

 

Я сам не малюю, я сам не пішу.
Але кожны дзень на ўрокі хаджу:
Каб ручкі з алоўкамі вы не гублялі,
Захоўвайце іх ва мне, у (пенале).

Мальвіна: Ну разумныя ж дзеці, нічога не скажаш!

Бураціна: А каб вы яшчэ танец паказалі, тады зусім добра было б! Але ж відаць вы не ўмееце.

Вядучы: Бураціна, глядзі, нашы дзеці вельмі прыгожа танцуюць.

Танец “Недзіцячы час”

Мальвіна: Малайцы! Як добра танцавалі дзеці.

Бураціна: Нічога я цікавага не ўбачыў. Танцуюць, загадкі адгадваюць, але напэўна працаваць не ўмеюць, а бацькі за імі ўсе робяць і заплечнік складваць будуць.

Вядучы: А вось і не. Нашы дзеці робяць усе самі.

Гульня “Заплечнік”

Мальвіна: Увага! Я бачу, што дзеці гатовы да школы. Бураціна, пагадзіся ўжо.

Бураціна: Ну не ведаю, а ці ведаюць дзеці літары?

Вядучы: Мы цябе песню праспяваем і адкажам на твае пытанні.

Песня “Алфавіт”

Бураціна: Добра, літары вы ведаеце, а лічыць вы ўмееце?

А вось у мяне есць лічбы, пагуляем з імі?

Гульня “Лічбы”

Мальвіна: Вось бачыш, Бураціна, дзеці ведаюць літары і лічбы, а яшчэ дзеці ведаюць, калі пачынаюцца ўрокі ў школе.

Песня “1 верасня”

Бураціна: Дзеці, вы сапраўды гатовы да школы! Я зразумеў, як цікава і карысна вучыцца. Вазьміце мяне з сабой, калі ласка.

Вядучы: Ну што дзеці, возьмем?

Дзеці: Так.

Мальвіна: Вось і добра! Дзякуй вам мае даражэнькія! Першага верасня ўсе разам і пойдзем. Чакай нас школа!

Вядучы: Музычныя інструменты бярыце і ўсіх павесяліце!

“Аркестр”

Бураціна: Мальвіна, пойдзем ужо, дапаможаш мне літары вывучыць і школьныя рэчы скласці.

Мальвіна: Абавязкова дапамагу. А вам, даражэнькія, я хачу сказаць.

Трэба многа ўсім вучыцца,
Трэба многа ведаў мець,
Можна свету таямніцы
Толькі з імі зразумець.

Мальвіна і Бураціна: Да пабачэння. Поспехаў вам!

Пад музыку героі выходзяць з залы.

Дзіця:

У дзіцячы садок
Прыйшоў школьны званок,
З цеплынёй твайго двара
Развітацца нам пара!

Песня “Дзынь-дзынь, школьны званок”

Дзіця:

Мы ўсе дзякуй скажам вам –
Выхавацелям, сябрам,
З намі песні хто спяваў,
Хто абеды гатаваў.
Гучна пляскайце ў далоні,
Не хвалюйцеся за нас,
Вальс прыгожы мы пакажам,
Мы ніколі не забудзем вас!

“Вальс”

Пажаданні выхавальніка. Дзеці пад музыку выходзяць з залы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий