Супрацоўнікі ясляў-сада № 14 Полацка надаюць шмат увагі выкарыстанню ў выхаваўчай рабоце сучасных тэхналогій, для чаго створана адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база. Выхавальнікі дашкольнай адукацыі засвойваюць перадавыя метады: праводзяць даследаванні і заняткі з дапамогай мультыбордаў, інтэрактыўных прылад, карыстаюцца QR-кодамі.
Дашкольнікаў ужо не здзівіць мультымедыйнай прэзентацыяй, таму выхавальнік павінен умець працаваць на любой платформе, валодаць разнастайнымі камп’ютарнымі праграмамі.
– У нашым дзіцячым садку вялікая ўвага надаецца інфарматызацыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу, – расказвае загадчык ясляў-сада № 14 Полацка Ала Сазонава. – Створана адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база. Педагогі маюць магчымасць працаваць за камп’ютарамі, карыстацца інтэрактыўнымі сталом і падлогай, мультыбордам, паслугамі інтэрнэту. Узровень камп’ютарнай дасведчанасці сярод педагогаў розны, але большасць актыўна ўключыліся ў работу з інтэрактыўным абсталяваннем. У гэтым навучальным годзе намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталля Вальвачова разам з выхавальнікам Святланай Турко атрымалі сертыфікат на юбілейным XV Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, дзе быў прэзентаваны праект па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства”. У дзетак, з якімі выхавальнікі актыўна выкарыстоўваюць электронныя сродкі навучання, узрастае цікавасць да адукацыйнага працэсу.
Выкарыстанне пазлаў, малюнкаў, розных займальных заданняў, відэа- і аўдыёфрагментаў, віртуальных экскурсій і інтэрактыўных плакатаў дапамагае рабіць гульні-заняткі запамінальнымі. Інтэрактыўная падлога – яшчэ адзін займальны сродак, што выклікае мора пазітыўных эмоцый у нашых выхаванцаў. Уявіце сабе: у памяшканні дзіцячага садка на падлозе неба з аблокамі, якое хутка змяняюць ружы. З выгляду звычайны малюнак, але як толькі наступіш нагой ці дакранешся рукой да яго – усё ажывае! Рыбкі, якія мірна спалі, хуценька расплываюцца ў розныя бакі, шарыкі пачынаюць лопацца, кветкі зацвітаюць. Займальна, арыгінальна, непаўторна – менавіта так можна арганізаваць заняткі ў “Мацярынскай школе”, зняць мышачнае напружанне з дапамогай інтэрактыўнай падлогі. Пры дапамозе праграмнага забеспячэння праз сетку арганізуюцца відэаканферэнцыі з бацькамі выхаванцаў.
– Мне заўсёды было цікава займацца чымсьці новым, рабіць свае заняткі інфармацыйна насычанымі, сучаснымі, – згодная з кіраўніком установы выхавальнік Елізавета Прашковіч. – Часта ў рабоце прымяняю мультыборд і інтэрактыўны стол. Гэта грунтоўная дапамога пры правядзенні заняткаў па любой адукацыйнай галіне, з іх дапамогай можна візуалізаваць любую інфармацыю. Дзякуючы розным праграмам ствараю інтэрактыўныя агучаныя гульні і плакаты, якія дазваляюць дзіцяці вызначыць правільнасць адказу шляхам дакранання рукой да экрана мультыборда. Уключаныя ў мультымедыйныя праграмы гульнявыя кампаненты актывізуюць пазнавальную актыўнасць маіх выхаванцаў.
Падводзячы вынік, трэба адзначыць: інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі варта ўкараняць у самых розных відах дзейнасці педагогаў дашкольнай адукацыі. Яны з’яўляюцца эфектыўным дадатковым сродкам у выхаваўчым працэсе. Пры гэтым варта памятаць, што камп’ютар ніколі не заменіць выхавальніка, а толькі дапаможа зрабіць яго працу больш эфектыўнай.
Наталля ВАЛЬВАЧОВА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 14 Полацка