Экскурсію ў музей-сядзібу Францішка Багушэвіча здзейснілі смаргонскія навучэнцы

- 9:33ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні 7-х класаў сярэдняй школы № 2 Смаргоні наведалі музей-сядзібу Францішка Багушэвіча, які знаходзіцца ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна.

Сямікласнікі даведаліся шмат цікавых фактаў з біяграфіі славутага беларускага паэта. Менавіта ў гэтым маёнтку прайшло дзяцінства і апошнія гады жыцця Францішка Багушэвіча. У доме адноўлена некалькі пакояў, у тым ліку кабінет, дзе працаваў паэт. Захаваліся да нашых дзён некаторыя прадметы мэблі, быту, асабістыя рэчы, якія належалі сям’і Багушэвічаў. У музеі захоўваюцца першыя выданні паэтычных зборнікаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”, фрагменты рукапісаў паэта, фотаздымкі, лісты, дакументы і іншыя матэрыялы, якія сведчаць пра яго нялёгкі жыццёвы шлях.

Асабліва ўразілі вучняў радавыя медальёны. На працягу многіх гадоў Багушэвічы збіралі ў іх фрагменты мошчаў святых, якія былі прывезены з месцаў паломніцтва. Гэтыя медальёны ахоўвалі род Багушэвічаў ад розных хвароб і няшчасцяў. Яны, здаецца, выпраменьваюць асаблівую энергетыку. Дастаткова толькі зірнуць на гэтыя медальёны, і ў душы з’яўляецца ўнутранае заспакаенне.

Пасля знаёмства з экспазіцыяй музея вучні перамясціліся ў парк, які знаходзіцца побач з домам. Уразіла тое, што большасць дрэў у гэтым парку пасаджана рукамі самога Францішка Багушэвіча.

Вучні падчас экскурсіі даведаліся не толькі пра жыццё і творчасць вядомага земляка, але і адчулі атмасферу канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, дакрануліся да гісторыі сваёй малой радзімы.

 

Вольга ПЕТРУШЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 2 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий