Аб’яднанне па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні” стала запатрабаваным сярод уселюбскіх вучняў  

- 12:14ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна ў інтэлектуальныя гульні з цікавасцю гуляюць не толькі малодшыя школьнікі, але і старшакласнікі. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні” заваявалі свае першыя перамогі на раённых спаборніцтвах.

Як і чым зацікавіць сённяшніх падлеткаў? Якія аб’яднанні па інтарэсах ім прапанаваць, каб вучні наведвалі іх з ахвотай? Паспрабую расказаць пра тое, як у нашай установе шукалі адказы на гэтыя пытанні.

У 2020/2021 навучальным годзе вучням 5–11-х класаў было прапанавана ўступіць у аб’яднанне па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні”. Асаблівага энтузіязму падлеткі не праявілі, таму ў першую каманду былі ўключаны вучні, якія рыхтуюцца да алімпіяд і займаюцца на 9–10 балаў. У каманду “Разумныя ослікі” ўвайшлі вучні 6–9-х класаў.

Пачыналі мы заняткі з заданняў і гульняў на развіццё логікі. Затым былі дэтэктыўныя задачы, якія давалі магчымасць падлеткам адчуць сябе ў ролі Шэрлака Холмса і доктара Ватсана. Ад забаўляльнасці непрыметна перайшлі да віктарын па прадметах. У час працы над пытаннямі вучням дазвалялася карыстацца слоўнікамі, картамі, табліцамі, падручнікамі. Праводзіліся трэнінгі, каб навучыць падлеткаў гуляць не за сябе, а ў камандзе. Першы год ніякіх хатніх заданняў не было. Вучні прыходзілі на заняткі, у цёплай сяброўскай атмасферы праводзілі час – і на гэтым усё. Напрыканцы года можна было адзначыць, што каманда склалася, вызначыўся яўны лідар, які і стане капітанам. У канцы кожнага сезона праводзілася фінальная гульня, якая дапамагала вызначыць трох самых моцных. На кожныя заняткі рыхтаваўся сцэнарый, шукаліся цікавыя пытанні, заданні.

У 2021/2022 навучальным годзе ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні” стала больш: далучыліся вучні, якія самі праявілі жаданне гуляць у “Што? Дзе? Калі?” Зацікавіўшыся інтэлектуальнымі гульнямі, у каманду папрасіўся нават першакласнік. Такім чынам, у нашым клубе склаліся дзве каманды – “Эрудыт” (падлеткі выраслі з “Разумнага осліка”) і “Пяць плюс адзін”. У гэтым годзе мы ўжо не проста праводзілі весела час, а працавалі на вынік, рыхтаваліся да раённага этапу інтэлектуальных гульняў: размеркавалі тэмы, кожны вучань перад заняткамі дома праглядаў матэрыялы, бралі пытанні раённых гульняў мінулых гадоў, разам глядзелі гульню “Што? Дзе? Калі?”, абмяркоўвалі розныя метады і прынцыпы падыходу да гульні. Аляксандр Друзь, Алесь Мухін, Максім Паташоў – гэта тыя ігракі, на якіх хоча быць падобны кожны падлетак у нашым клубе.

Намаганні былі не дарэмнымі: у інтэлектуальным раённым турніры малодшых ювеналаў каманда “Пяць плюс адзін” у “Сваёй гульні” атрымала дыплом І ступені, а ў агульным заліку – дыплом ІІІ ступені. Каманда “Эрудыт” атрымала дыплом ІІІ ступені на раённым турніры сярод юніораў.

У свой клуб інтэлектуальных гульняў мы змаглі сабраць і каманду настаўнікаў, якая выступіла на ІІ раённым этапе інтэлектуальных гульняў для педагогаў.

У кожнага моцнага іграка “Што? Дзе? Калі?” павінна быць свая сава – сімвал інтэлектуальных гульняў. У нашым клубе мы разыгрывалі тры савы, праўда, яны былі гліняныя, але ад гэтага не менш важныя і запаветныя.

Фінальная гульня “Што? Дзе? Калі?” прайшла 31 мая ва Уселюбскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе. Каманда падлеткаў іграла супраць каманды педагогаў. Азарт, жаданне паказаць свае веды, выйграць саву, не падвесці каманду, правесці час карысна і весела – гэта пералік тых магчымасцей, якія дае падлеткам інтэлектуальная гульня. Галоўную саву заслужана атрымала капітан каманды “Эрудыт” Вікторыя Аляшкевіч, вучаніца 10-га класа.

Такім чынам, ва ўстанове інтэлектуальныя гульні атрымалі асаблівы прыярытэт. У адрозненне ад прадметных алімпіяд, навуковых канферэнцый, факультатываў, гульні дазваляюць ператварыць сур’ёзную інтэлектуальную дзейнасць у яркае відовішча, у займальнае спаборніцтва, свята. Менавіта таму ў інтэлектуальныя гульні з цікавасцю гуляюць не толькі малодшыя школьнікі, але і старшакласнікі.

Асноўнай мэтай правядзення заняткаў па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні” з’яўляецца развіццё ў дзяцей творчых здольнасцей, раскрыццё інтэлектуальнага патэнцыялу. Удзел у розных спаборніцтвах дазваляе школьнікам пашырыць свой кругагляд, прымяніць уласныя веды, эрудыцыю, лагічнае мысленне, праявіць уменне прымаць рашэнні ў нестандартнай сітуацыі ва ўмовах абмежаванага часу.

Гульня стварае выдатную магчымасць для актыўнага міжасобаснага ўздзеяння, бо гуляць – значыць уступаць ва ўзаемадзеянне з партнёрамі, гульня – гэта свайго роду палігон для грамадскага і творчага самавыяўлення.

Калі вы хочаце зацікавіць падлеткаў аб’яднаннямі па інтарэсах, бачыць вынікі сваёй працы і жаданне наведваць вашы заняткі, то прапануйце ім “Інтэлектуальныя гульні”.

 

Аксана ЦЕРАХОВІЧ,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні”
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий