Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа” Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць
Дыліжанс – мерапрыемства ў гульнявой форме, стылізаванае пад падарожжа са станцыямі, астраўкамі, сцяжынкамі і прыпынкамі. Музейны дыліжанс “Пялёсткі радасці – паштоўкі” мае адукацыйную і асветніцкую накіраванасць, арыентаваны на прыцягненне дзяцей і іх законных прадстаўнікоў у школьны музей.
Тэма мерапрыемства актуальная, так як у кожным школьным музеі ёсць папяровыя паштоўкі розных гадоў. У наведвальнікаў музея гэтыя яркія экспанаты нязменна выклікаюць цікавасць. Таму распрацаваны мною матэрыял можа быць выкарыстаны любым кіраўніком музея.
Падчас мерапрыемства бацькі могуць падзяліцца ўласнымі ведамі, распавесці пра свае захапленні, панастальгіраваць, успомніўшы радасныя моманты свайго жыцця, звязаныя з паштоўкай. У час стылізаванага падарожжа вучні атрымаюць магчымасць даведацца многа новага пра гісторыю паштоўкі, а таксама пра тое, якою папулярнасцю раней карысталася папяровая паштоўка, пра другое жыццё паштоўкі сёння, змогуць пагуляць разам з дарослымі ў гульню з паштовак “Чацвёрка”, выканаць розныя пазнавальныя заданні, правядуць з карысцю вольны час.
Мэты: пашырэнне ведаў вучняў пра паштоўку, яе гісторыю, віды, прызначэнне, правілы афармлення; выхаванне паважлівага стаўлення да папяровай паштоўкі, мінулага беларускага народа.
Абсталяванне: экспазіцыя з рознымі відамі паштовак, паштоўкі для гульні (13 шт.), якія разрэзаны на чатыры часткі, мультымедыйная прэзентацыя з заданнямі, краявідамі на паштоўках, дыліжансам на мульцібордзе.
Удзельнікі: кіраўнік музея; знаўца гісторыі паштоўкі (старшакласнік); наведвальнікі музея: вучні 6-га класа і бацькі (філакартысты са сваімі калекцыямі паштовак).
Прыкладны час правядзення: 1 гадзіна.
Месца правядзення: школьны музей.
Падрыхтоўчы этап: кіраўнік музея падбірае рэквізіт, фарміруе экспазіцыю з фондаў музея, запрашае да ўдзелу бацькоў, якія маюць калекцыі паштовак.
Міжпрадметныя сувязі:
– Прадмет “Беларуская мова” – удасканаленне ўмення падпісваць адрас на паштоўцы, напісанне тэксту віншавальнай паштоўкі, паўтарэнне тэрмінаў “адрасат” і “адрасант”.
– Прадмет “Беларуская літаратура” – пазнаванне беларускіх пісьменнікаў і твораў мастацкай літаратуры на паштоўках; пашырэнне ведаў пра беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
– Прадмет “Мастацтва” – выраб эскіза віншавальнай паштоўкі, называнне аўтараў рэпрадукцый карцін і славутасцей на паштоўках.
Ход музейнага дыліжанса:
Бацькі і дзеці займаюць месцы ў імправізаваным дыліжансе, кіраўнік музея вітае ўдзельнікаў, аб’яўляе першую станцыю падарожжа.
Станцыя “Адпраўная”
Кіраўнік музея: Школьныя музеі валодаюць вялікай колькасцю дзіўных скарбаў, у кожнага з якіх ёсць свая гісторыя. Яны дапамагаюць нам больш даведацца пра мінулае і людзей, якія жылі ў ім. За звычайнымі з выгляду прадметамі часам хаваюцца свае сакрэты. Паважаныя шасцікласнікі, сёння больш падрабязна вы пазнаёміцеся з экспанатам, які нязменна выклікае цікавасць у наведвальнікаў нашага музея. Яго назву вы даведаецеся, калі адкажаце на пытанні.
Кіраўнік музея задае пытанні і за кожны правільны адказ дае адну літару, з іх неабходна скласці назву экспаната:
1. Паслядоўнасць лічбаў, якая дадаецца да паштовага адрасу з мэтай палягчэння сартавання паштовых адпраўленняў (індэкс) |
А |
2. Спецыяльнае прыстасаванне, прызначанае для збору паштовай карэспандэнцыі (лістоў і паштовых картак), якое ўсталёўваецца ў даступных для адпраўнікоў месцах (паштовая скрыня) |
П |
3. Спецыяльны знак паштовай аплаты, які выпускаецца і прадаецца нацыянальнымі (і іншымі) паштовымі ведамствамі і які валодае пэўным намінальным коштам (наміналам) (марка) |
О |
4. Той, каму адрасавана паштовае адпраўленне (адрасат) |
Ш |
5. Той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік (адрасант) |
Ў |
6. Кім па прафесіі быў герой Эдуарда Успенскага Печкін? (Паштальён) |
А |
7. Як называюць чалавека, якога віншуюць з юбілеем? (Юбіляр) |
К |
8. Якое рэспубліканскае прадпрыемства займаецца рассылкай пісьмаў? (Белпошта) |
Т |
Дзве падказкі:
1. Без крылаў, а ляціць, без языка, а гаворыць. 2. Першапачаткова гэты від паштовай карткі называлі адкрытае пісьмо. Адказ: паштоўка.
Прыпынак “Гісторыя паштоўкі”
Знаўца гісторыі паштоўкі: Паштоўка – гэта асаблівы від паштовай карткі для адкрытага пісьма без канверта. Паштоўкі з’явіліся ў Аўстрыі ў другой палове ХІХ стагоддзя і называліся “адкрытае пісьмо”. На адным баку паштоўкі змяшчаўся малюнак, а другі бок быў прызначаны для напісання віншавання або паведамлення, адрасу атрымальніка і паштовай маркі, якая азначала паштовы збор. Першапачатковы памер паштоўкі 9 × 14 см, пазней 10,5 × 14,8 см. Дастаўляць паштоўкі, у тым ліку і іншую карэспандэнцыю, маглі спецыяльныя паштовыя дыліжансы.
Сёння ёсць паштоўкі, у якіх месца пад адрас і марку не прадугледжаны, тады такая паштоўка кладзецца ў канверт. Самая вялікая ў свеце паштоўка знаходзіцца ў Расіі ў Музеі навагодняй віншавальнай паштоўкі ў Вялікім Усцюгу. Паштоўка мае памеры 4,2 метры на 2,8 метраў. Людзей, якія збіраюць паштоўкі, называюць філакартыстамі. Гэта нашы паважаныя госці (кіраўнік музея прадстаўляе бацькоў). Жыхар Канады трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса за колькасць сабраных навагодніх паштовак – 205 120 штук. У 1929 годзе адбылося спаборніцтва паміж двума калекцыянерамі, сутнасць якога заключалася ў спрэчцы аб кругасветным падарожжы: паштоўка або чалавек першым абмінуць свет. З розніцай у некалькі гадзін перамагла паштоўка. Сусветны дзень паштоўкі адзначаецца 25 сакавіка.
Кіраўнік музея: Віншавальныя паштоўкі – мілая часцінка прыемных момантаў, якая на працягу многіх гадоў захоўвае радасныя ўспаміны пра родных і сяброў, якія іх падарылі. Паштоўка – гэта знак увагі, крупінка душэўнай целыні для дарагога чалавека на розныя святы: Новы год, 8 Сакавіка, дзень нараджэння, вяселле. Цяжка ўявіць, што гэты маленькі кавалачак каляровага кардону прыносіў столькі радасці ў час вайны і пасляваенны час, таму што тады паштоўка была адзіным навагоднім падарункам, якім абменьваліся сябры. У савецкі час паштоўкі перасылаліся сотнямі тысяч.
Знаўца гісторыі паштоўкі: У 1994 годзе ў Іспаніі з’явіліся музычныя паштоўкі. Пры адкрыцці кніжачкі папяровы язычок замыкае кантакт і прыстасаванне (батарэйка, мікрапрацэсар і дынамік) утвараюць мелодыю.
Кіраўнік музея: У нашым музеі многа розных паштовак. Дапаўняюць нашу экспазіцыю калекцыі бацькоў (прапануе разгледзець паштоўкі).
Паштоўкі былі непарыўна звязаны з іх уладальнікамі. Многія паштоўкі захоўваліся разам з сямейнымі фотаздымкамі, імі ўпрыгожвалі інтэр’ер, іх з любоўю калекцыяніравалі і перадавалі па спадчыне.
Сцяжынка дарагіх паштовак
Слова даецца калекцыянерам паштовак.
У дапамогу кіраўніку музея ніжэй прадстаўлены пытанні, якія можна задаць калекцыянеру паштовак:
-
- Якая паштоўка ў вашай калекцыі самая першая; апошняя; дарагая?
- Колькі паштовак у вашай калекцыі?
- Якія крыніцы папаўнення калекцыі?
- Хто вам часцей за ўсё дарыў паштоўкі або зараз дорыць? На якія святы?
- Якое віншаванне на паштоўцы самае арыгінальнае?
- Як даўно вы калекцыяніруеце паштоўкі?
- Ці зараз вы працягваеце калекцыяніраваць або дарыць папяровыя паштоўкі?
- Прыгадайце цікавыя гісторыі, звязаныя з атрыманнем якой-небудзь паштоўкі.
Астравок “Адгадай віншаванне”
Адгадайце, на якое свята былі падпісаны паштоўкі з нашага музея і з калекцый бацькоў(на слайдзе):
-
- Віншую з Днём, які нашы жыцці змяніў, падарыў нам чыстае неба, дабро, мір і памяць (Дзень Перамогі).
- Няхай вузы, якія сёння злучылі вашыя сэрцы, з кожным днём становяцца толькі мацнейшыя і ніколі не рвуцца (вяселле).
- У гэты вясновы радасны дзень хочацца пажадаць лёгкай і прыемнай працы, каб яна заўсёды прыносіла радасць, задавальненне і дастатак (1 Мая).
- Жадаю вялізнага жадання вучыцца і пазнаваць. Дружнай атмасферы, цікавых падзей, цудоўных адзнак і пастаяннага імкнення быць лепшым, чым учора. Поспехаў, удачы, здароўя, цярпення і выдатных вынікаў! (Дзень ведаў).
- У гэта свята, што пахне мімозай, няхай сонца грэе ярчэй і распальвае ў абочынах снег (8 Сакавіка).
Сцяжынка “Пошукавая”
Знаўца гісторыі паштоўкі: Дызайн паштовак вельмі разнастайны. Прапаную кожнаму з вас фрагмент паштоўкі. Неабходна знайсці, на якой паштоўцы з нашага музея ці асабістай калекцыі знаходзіцца гэты фрагмент.
Кіраўнік музея раздае выразаныя фрагменты з копій паштовак. Вучні шукаюць, на якіх паштоўках яны размешчаны.
Астравок мастака
Абагульненне кіраўніка музея: Паштоўка – гэта адлюстраванне гісторыі краіны, яе візітная картка. Самым знакамітым мастаком, які маляваў паштоўкі, у СССР быў Уладзімір Зарубін. У перыяд з 60-х па 90-я гады было выпушчана больш за 1,5 мільярда паштовак гэтага аўтара на розныя тэмы. Дарэчы, калі добра пашукаць, то напэўна ў кожнага, народжанага ў СССР, знойдзецца дзе-небудзь у стосе старых паштовак або ў альбоме ўзор творчасці гэтага цудоўнага мастака. На слайдзе прыклады паштовак.
Станцыя “Модны прысуд”
Кіраўнік музея: Ці актуальна сёння дарыць папяровыя паштоўкі, калі ў кожнага ёсць магчымасць павіншаваць дарагога чалавека мультымедыйнымі карцінкамі з інтэрнэту?
Вучні дзеляцца на дзве групы. Першая група выказваецца за папяровую паштоўку, а другая – павінна растлумачыць, чаму папяровыя паштоўкі сёння страцілі сваю актуальнасць.
Меркаванні вучняў.
У дапамогу кіраўніку музея ніжэй прадстаўлена табліца аргументаў:
Актуальнасць папяровай паштоўкі |
Альтэрнатыва папяровай паштоўцы |
1. Папяровая паштоўка прыносіць радасць |
1. Электронная паштоўка існуе ў гатовым выглядзе |
2. Паштоўка захоўваецца доўгія гады, у адрозненне ад віртуальнай, не будзе выдалена |
2. Магчымасць павіншаваць электроннай паштоўкай чалавека на вялікай адлегласці хутка |
3. Магчымасць падарыць паштоўку асабіста |
3. Электронная паштоўка мае вялікі выбар віншаванняў і тэм |
4. Можна паставіць на бачнае месца дома |
4. Электронная паштоўка дазваляе эканоміць час |
5. Напісана ад рукі, дзе бачна хто і каму дорыць |
5.Электронная паштоўка не мае матэрыяльных затрат |
Прыпынак “Посткросінг”
Кіраўнік музея: Сёння папяровая паштоўка атрымала другое жыццё дзякуючы паштоваму марафону посткросінг.
Посткросінг – зносіны і знаёмства з новымі людзьмі з дапамогай паштовак. Гэта праект, які аб’ядноўвае людзей з розных гарадоў і краін свету дзякуючы механізму абменьвання паштовак. Посткросінг – гэта занятак для тых, хто цікавіцца чужой культурай і шукае новых знаёмстваў па ўсім свеце. Акрамя віншавальных, людзі дасылаюць адзін аднаму розныя віды паштовак.
Знаўца гісторыі паштоўкі (звяртае ўвагу на экспазіцыю):
Краявідныя паштоўкі – паштоўкі з відамі гарадоў, памятных месцаў, славутасцяў.
Мастацкія паштоўкі – з рэпрадукцыямі твораў выяўленчага мастацтва.
Гісторыка-падзейныя паштоўкі – на якіх звычайна адлюстраваны значныя падзеі.
Літаратурныя паштоўкі – з выявамі паэтаў, пісьменнікаў, іх героямі, мясцінамі.
Фотапаштоўкі – ілюстрацыі фатаграфій.
Дзелавыя паштоўкі – прызначаныя для віншавання свайго партнёра па бізнесе, кліента, прадстаўніка СМІ, супрацоўніка органа ўлады або дзяржаўнага чыноўніка з прафесійным святам.
Рэкламныя паштоўкі – эфектыўны спосаб данесці інфармацыю аб таварах і паслугах.
Палітычныя паштоўкі адлюстроўваюць гістарычных дзеячаў мінулага і сучаснасці.
Станцыя “Ілюстрацыі на паштоўках”
Што адлюстравана на паштоўках? (на слайдзе):
Паштоўка 1 – беларуская народная казка “Коцік і пеўнік”. Паштоўка 2 – партрэт Якуба Коласа. Паштоўка 3 – Мірскі замак. Паштоўка 4 – рэпрадукцыя карціны В.Сярова “Дзяўчынка з персікамі”. Паштоўка 5 – фотаздымак старога Мінска. Паштоўка 6 – рэпрадукцыя карціны І.Хруцкага “Хлопчык у саламяным капелюшы”. Паштоўка 7 – Эйфелева вежа. Паштоўка 8 – рэпрадукцыя карціны М.Савіцкага “Партызанская мадонна”. Паштоўка 9 – Пярун-грамавержац. Паштоўка 10 – свята Каляды.
Сцяжынка віншаванняў і самаробных паштовак
Кіраўнік музея прапануе падзяліцца на дзве групы.
Заданне для першай групы: стварэнне эскіза віншавальнай паштоўкі на дзень нараджэння, падпісванне паштоўкі (адрас, тэкст віншавання) (праводзіць кіраўнік музея).
Што неабходна для працы: папера, просты аловак, ручка, віншавальныя паштоўкі для ўзору.
Вучні малююць эскіз паштоўкі і падпісваюць яе.
Цікава ведаць. Ручны выраб паштовак пры дапамозе падручных матэрыялаў называецца кардмейкінг. Для кардмейкінга выкарыстоўваюцца: нарыхтоўкі паштовак, папера (глянцавая, калька, дызайнерская папера) або кардон, элементы для дэкарыравання (бісер, стужкі, прысыпкі і інш.), расходныя матэрыялы (двухбаковы скотч, клей, фарбы).
Вучні знаёмяцца з правіламі напісання віншавання і подпісу канверта.
Структура віншавальнага тэксту (на слайдзе):
-
- Прывітальная формула: паважаны(-ая), глыбокапаважаны(-ая), дарагі(-ая), любімы(-ая)…
- Віншавальная частака: Віншую Вас (цябе) з … або Віншую! Мае віншаванні!
- Пажадальная частка: Усяго самага добрага, радаснага і светлага! Спакою! Радасці! Усмешак! Шчасця!
- Подпіс: Ад лепшага сябра!
Узор подпісу адраса (на слайдзе):
Ад каго Васілевіча |
Каму Кавалёву |
Цікава ведаць. Дарэчы, беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч вельмі любіў маляваць паштоўкі ўласнаруч. І маляваў ён такія, якіх у той час не было, – калядныя, велікодныя. Клаў у канверт і віншаваў усіх сваіх сяброў.
Прыпынак “Гульнёвы”
Заданне для другой групы: гульня “Чацвёрка” (праводзіць знаўца гісторыі паштоўкі).
Што неабходна для гульні: паштоўкі, разрэзаныя на чатыры роўныя часткі. Усе часткі паштовак змешваюцца і раздаюцца па крузе (па пяць частак на кожнага ўдзельніка) так, каб удзельнікі не бачылі малюнка. Пакінутыя часткі складаюцца ў круг малюнкам уніз для далейшага іх разыгрывання. Усе ўдзельнікі павінны ўважліва разгледзець атрыманыя часткі. Сярод удзельнікаў з дапамогай лічылкі ўсталёўваецца чарговасць. Першы ўдзельнік паказвае ўсім адну частку паштоўкі. Астатнія ж удзельнікі аддаюць яму, калі маюць, астатнія часткі паштоўкі. Калі ж частак паштоўкі да паказанай ні ў каго з удзельнікаў не аказалася ў гэты момант, то наступны бярэ адну карту з круга. Калі гэта частка з’яўляецца чацвёртай, то ў выпадку атрымання “чацвёркі” ўдзельнік паведамляе: “Чацвёрка мая” і мае права дадатковага ходу. У адваротным выпадку ўжо наступны ўдзельнік паказвае сваю частку паштоўкі ўсім астатнім. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль у крузе нічога не застанецца, а з частак паштовак не ўтворацца ўсе паштоўкі. Выйграе той, хто больш за ўсіх збярэ “чацвёрак”.
Настаўнік прапануе памяняцца групамі.
Творчая справаздача. Дзеці развешваюць на стэндзе свае паштоўкі і расказваюць, што яны адлюстравалі на іх, каго віншавалі.
Апошняя станцыя “Новае жыццё старой паштоўкі”
Рэфлексійны рынг. Кіраўнік музея выклікае на рэфлексійны рынг усіх удзельнікаў мерапрыемства па чарзе са сваімі ідэямі.
У дапамогу кіраўніку музея ніжэй прадстаўлены ідэі, якімі ён можа падзяліцца з прысутнымі:
– ваза для цукерак, хлебніца, скрынка для розных прадметаў, шторы, каралі, упрыгожанні для дома, навагоднія цацкі.
Кіраўнік музея прапануе ўзяць у рукі тую паштоўку, якая найбольш спадабалася або выклікала радасныя эмоцыі, уявіць паштоўкі пялёсткамі і ўтварыць з іх кветку, а затым зрабіць агульны фотаздымак на фоне выявы дыліжанса на памяць.
Спіс літаратуры
- Беларуская мова: вучэбны дапаможнік для 6 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / В.П. Красней [і інш.]. – Мінск : НІА, 2015.
- Открытка – Википедия [Электронный ресурс] wikipedia.org›/– Дата доступа: 09.08.2021.