Маленькія гаспадары з Мажэйкава

- 13:44ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 У Мажэйкаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Лідскага раёна распрацаваны і рэалізуецца праект для дашкольнікаў “Агародзік у агародзе”.

 

Паспрабаваць вырасціць сваімі рукамі агародніну – гэта, сапраўды, праца і адкрыццё. Мэтай праекта стала абагульненне і пашырэнне ведаў дзяцей пра тое, як даглядаць за раслінамі агарода, фарміраванне ўменняў карыстацца простымі прыладамі працы па апрацоўцы глебы, выхаванне беражлівых адносін да прыроды.

Выхаванцы дзіцячага сада часта бачылі, як вучні садзяць школьны агарод, даглядаюць, полюць яго, а затым восенню збіраюць ураджай. Мелі яны магчымасць назіраць і за працай сваіх бацькоў, бо жывуць у вёсцы.

І вось у самых маленькіх навучэнцаў установы адукацыі з’явілася магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці гаспадароў: пасадзіць агародзік, даглядаць яго, выгадаваць ураджай і адчуць сябе сапраўднымі “маленькімі гаспадарамі зямлі”. Дзеткі разам з выхавальнікамі падрыхтавалі вясной глебу, зрабілі радкі, укінулі насенне ў зямлю, пасадзілі расліны. Даглядаюць і паліваюць моркву, буракі, цыбулю. Атрымалі першыя ўяўленні пра рост і развіццё раслін. Тут, “на агародзіку”, ідзе жывая размова з прыродай.

Сумесная праца вучыць адказнасці, садзейнічае фарміраванню працоўных навыкаў, аб’яднанню дзіцячага калектыву. Дзеці назіралі, як з’явіліся першыя ўсходы, як яны паднімаліся ўгару, як мацнелі. Настрой ва ўсіх цудоўны. А яшчэ праца на свежым паветры прыносіла задавальненне, садзейнічала ўмацаванню здароўя дзяцей. А ў жніўні і верасні ўсе дружна будуць збіраць ураджай.

Праект складаецца з дзвюх частак: практычнай – працы на агародзе, і тэарэтычнай – ведаў пра агародніну. На адукацыйных занятках дзеці разглядалі насенне раслін праз мікраскоп, прарошчвалі яго. Папаўнялі свае веды ў ходзе тэматычных гутарак “Чым карысна агародніна?”, “У гасцях у дзеда Агарода”, “Вада і зямля – агародніны лепшыя сябры”. З радасцю выхаванцы ўдзельнічалі ў рухомых гульнях “Збіраем ураджай”, “Агародная-карагодная”, “Баба сеяла гарох”, “Кабачок”, дыдактычных гульнях “Пазнай на смак”, “Чацвёрты лішні”, “Што садзяць на агародзе”. Гульні садзейнічалі выпрацоўцы ўменняў выразна перадаваць вобраз, чытаць вершы, рытмічна выконваць рухі, узаемадзейнічаць з сябрамі.

Дзеці з захапленнем малявалі агуркі і памідоры, цыбулю і часнок, гарбуз і кабачок, бурак і моркву. Весела і дружна адгадвалі загадкі пра агародніну па прыметах і апісанні расліны. А яшчэ па тэме вывучалі прымаўкі і прыказкі на беларускай мове, інсцэніравалі казкі “Прыгоды Памідоркі”, “Казачнае падарожжа агародніны”. Кожны дзень быў насычаны мерапрыемствамі, гульнямі, працай.

Усім зразумела: трэба шмат працаваць, каб нешта мець. А яшчэ – добра працаваць калектывам, дружна, з сябрамі. Нездарма народная мудрасць гаворыць: “Папрацуеш да поту – паясі ў ахвоту”. А працаваць на агародзіку мы працягваем.

 

Наталля КАСКО,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Мажэйкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Лідскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий