Свіслацкія дашкольнікі здзейснілі падарожжа па Беларусі

- 14:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 У рамках тэматычнай нядзелі “Беларусь турыстычная” ў старшых групах свіслацкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці прайшла гульня-падарожжа “Беларусь ты мая сінявокая”.

Напярэдадні з выхаванцамі правялі гутаркі па тэмах “Месца, дзе я нарадзіўся…”, “Якой я бачу сваю краіну?”, “За што я люблю сваю Бацькаўшчыну?”.

Мерапрыемства прайшло ў форме гульні-падарожжа. Выхавальнік задала цікавыя пытанні пра Беларусь і прапанавала адправіцца ў падарожжа па незвычайнай краіне, сабраць пазлы і скласці з іх карту Беларусі.

Першым прыпынкам, куды трапілі турысты, была Мінская вобласць. У госці да выхаванцаў прыходзіў бібліятэкар, які расказаў некаторыя цікавыя звесткі пра гістарычныя месцы і гарады гэтай вобласці. Дзеці пазнаёміліся са старажытнымі гарадамі, з найпрыгажэйшым горадам-героем Мінскам і знакамітымі будынкамі: Палацам Рэспублікі, нацыянальнай бібліятэкай, Дзяржаўным цыркам. Каб крыху адпачыць, выхаванцы выканалі прыгожы танец з вяночкамі. Дашкаляты справіліся з заданнямі бібліятэкара і ў падарунак атрымалі цудоўную кнігу пра нашу краіну.

Наступным прыпынкам была Віцебская вобласць. Тут дзеці спаткалі мастака, які паведаміў пра прыгажосць Віцебскай вобласці і прапанаваў падарожнікам ператварыцца ў мастакоў і самім стварыць прыгожыя дрэвы. Мастак расказаў дашкалятам, як трэба берагчы прыроду і падараваў малюнкі з пейзажамі нашай краіны. Юныя турысты пашырылі свае веды пра граніцы Віцебскай вобласці, пра цікавых і знакамітых людзей.

Рухаючы далей хлопчыкі і дзяўчынкі апынуліся ў Магілёўскай вобласці. Да іх у госці завітаў супрацоўнік музея, які прынёс з сабой чароўную торбачку і саламяны капялюш. З захапленнем дзеці гулялі ў “Перадай капялюш”, “Назаві ласкава”. Супрацоўнік музея на памяць падараваў дашкалятам фігуры саламянага хлопчыка і дзяўчынкі.

У Гомельскую вобласць юныя турысты вырашылі трапіць на цеплаходзе. Дашкольнікі ўспомнілі і замацавалі правілы бяспекі на вадзе. Тут іх чакаў канверт з заданнямі, які пакінуў супрацоўнік транспартнага завода. Каб даведацца, які транспарт выпускаюць на заводзе, трэба адгадаць загадкі. З гэтым заданнем выхаванцы справіліся выдатна. Яны прадэманстравалі свае веды пра Гомельскую вобласць і атрымалі чарговы пазл.

Далейшы свой шлях юныя падарожнікі пераадолелі на аўтамабілі і ўзгадалі меры бяспекі на дарогах. Трапіўшы ў Брэсцкую вобласць, дзеці пазнаёміліся з Лесавіком-Баравіком, які здзейсніў мару дзяцей і правёў для іх экскурсію па Белавежскай пушчы, пагуляў у музычную гульню “Лапаткі”. Каб аддзякаваць дашкалятам за іх весялосць, кемлівасць і беражлівасць да прыроды, госць падараваў салодкія грыбочкі, і дзеці атрымалі яшчэ адну дэталь-пазл пад назвай “Брэсцкая вобласць”.

Наступным прыпынкам дашкалят была Гродзенская вобласць. Выхаванцы ўспомнілі, якія знакамітыя помнікі і старажытныя замкі размешчаны ў гэтай вобласці. Выхаванцы атрымалі апошні пазл і склалі карту Беларусі. Пад вясёлую музыку дашкаляты вярнуліся ў свой родны горад Свіслач.

Так дашкольнікі пашырылі свае веды пра Беларусь і яе рэгіёны, пазнаёміліся са знакамітымі людзьмі, успомнілі помнікі архітэктуры, даведаліся шмат новага і цікавага пра прыроду роднага краю.

 

Вольга ЛЫСЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы

 

 

 
   

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий