Прыклады выкарыстання фальклору ў выхаванні дашкольнікаў

- 13:12Дошкольное образование. Идеи, Методичка

Анжэла БЕРЛІНА,
загадчык
ДУА “Чыркавіцкі яслі-сад Светлагорскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

 

 

Фарміраванне маральных каштоўнасцей у дзіцяці неабходна пачынаць як мага раней, ужо ў дашкольным узросце.

Прырода мае глыбокі маральны змест, які сведчыць пра важнасць і неабходнасць праявы станоўчага стаўлення да ўсяго жывога. Дасягнуць гэтага можна ў тым выпадку, калі знаёміць дзіця з яе таямніцамі, вучыць атрымліваць асалоду ад паха квітнеючай травы, прыгажосці кветкі, пейзажаў роднай прыроды. Зносіны са светам прыроды прымушаюць выхаванцаў задумацца пра адказнасць кожнага з нас за ўсё, што ў ёй адбываецца.

Вялікая роля ў гэтым належыць фальклору. Менавіта таму ў сваёй працы выхавальнікі Чыркавіцкага ясляў-сада Светлагорскага раёна выкарыстоўваюць яго як мага часцей, імкнуцца пабудаваць свае заняткі так, каб у іх абавязкова праходзіла тэма беражлівых адносін да прыроды. Шырока выкарыстоўваюць загадкі, прыказкі і прымаўкі, заклічкі ў рабоце з выхаванцамі ў працэсе любой дзейнасці на працягу дня: на прагулцы, на агародзе, у кветніку, пры доглядзе хатніх раслін.

Дзеці слухаюць, разважаюць і задумваюцца. Клопат, цяпло і дабрыня, павага і міласэрнасць – гэта ўжо ахова прыроды.

У рабоце з выхаванцамі выкарыстоўваюцца толькі тыя прыметы, правільнасць якіх можна праверыць. Напрыклад, найбольш выразныя звязаны з прадказаннем надвор’я:

Калі пры захадзе сонца воблакі чырвоныя, то назаўтра будзе вецер;
Вераб’і ўмацоўваюць свае хованкі – праз некалькі дзён пахаладае;
Прыляцелі снегіры – будзе снежна на двары;
Ластаўкі лётаюць нізка – да дажджу;
Перад дажджом пухнатыя шарыкі дзьмухаўца сціскаюцца і парашуцікі ўтрымліваюцца на месцы, не разлятаюцца.

Выкарыстанне народнай прыметы падчас назіранняў дапамагае педагогу наладзіць эмацыйны кантакт з дзецьмі, вызначыць і падкрэсліць асноўныя рысы прадмета ці з’явы.

Непасрэднае назіранне за аб’ектамі прыроды сумесна з народнай мудрасцю, выразнай прамовай педагога стымулюе дзяцей любавацца прыродай, захапляцца яе прыгажосцю.

У працэсе назіранняў за прадметамі і з’явамі прыроды вялікую цікавасць у дзяцей выклікаюць заклічкі. Іх прамаўляюць, калі нешта робяць, да некага звяртаюцца.

Божая кароўка,
Што заўтра будзе –
Дождж ці пагода,
Пень ці калода?
Пагода – ляці,
Дождж – сядзі.

Заклічкі ў рабоце дапамагаюць не толькі прыцягнуць дзіцячую ўвагу да прыроды, але і развіць цікавасць да фальклору, роднай мовы, самастойных назіранняў.

Знаёмства з прымаўкамі і прыказкамі спрыяе ўменню ясна фармуляваць свае думкі, дапамагае лепш зразумець правілы жыццёвай мудрасці.

Улічваючы асаблівасці дзяцей дашкольнага ўзросту, выхавальнікі выбіраюць лепшыя варыянты прымавак і прыказак, больш даступныя дзіцячаму разуменню:

Сонца ўстане, так і дзень настане;
Сонца па небе ходзіць і не ўсім дагодзіць;
Кошка мышцы не сябар;
І сабака ласкавае слова любіць.

Нараўне з гэтым ва ўстанове праводзяцца і народныя святы “Стрэчанне”, “Гуканне вясны”, “Дажынкі”. Выхаванцы з задавальненнем прымаюць удзел у святах, даведваюцца шмат новага і цікавага пра родную прыроду, пра традыцыі і святы свайго народа, жыццё якога было цесна звязана з прыродай. Маляўнічая, выразная мова стварае ў дзяцей пэўны настрой, павышае цікавасць да пазнання наваколля.

Прыцягваючы дзяцей да цесных зносін з прыродай праз творы фальклору, да пазнання свету раслін і жывёл, мы садзейнічаем актыўнаму развіццю ў іх такіх якасцей, як дабрыня, цярпенне, працавітасць і міласэрнасць.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий