У Год гістарычнай памяці для “Рабінзонаў” – выхаванцаў аздараўленчага лагера Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна – запланавана шмат патрыятычных маршрутаў. Адзін з іх – Нясвіжскі замак, вядомая славутасць Беларусі, якая служыла рэзідэнцыяй найбагацейшаму роду Вялікага Княства Літоўскага – Радзівілам.
Выхаванцы даведаліся пра гісторыю паходжання прозвішча Радзівіл, а таксама пра тое, што трапныя мянушкі заўсёды праследавалі гэту сям’ю, сярод гаспадароў замка некалі былі Пане Каханку, Юрый Геркулес і інш. Наведвальнікам вельмі спадабалася легенда трагічнага кахання Барбары Радзівіл. Смешны аповед пра князя Караля Станіслава Радзівіла і яго забавы з соллю дзеці яшчэ доўга пераказвалі адно аднаму.
А ўсё было так… Аднойчы летам у Нясвіжскім замку было свята. Стаяла спякота. Тады князь Радзівіл паабяцаў гасцям арганізаваць раніцай зіму і катанне на санках. Госці, вядома, не паверылі. Аднак раніцай у двары замка іскрыўся снег і стаялі сані! Уся акруга была абсыпаная соллю, на той момант вельмі дэфіцытным прадуктам.
Экскурсавод Людміла Жук правяла інтэрактыўную экскурсію ў забаўляльнай форме з актыўным удзелам “Рабінзонаў”. Найбольш актыўныя ўдзельнікі экскурсіі атрымалі прызы.
Алена ШАКУЛЯ,
выхавальнік аздараўленчага лагера “Рабінзоны”
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна