Ёдкаўскія краязнаўцы сталі пераможцамі раённага фестывалю школьных музеяў

- 15:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Станоўчыя эмоцыі і эстэтычнае задавальненне прынеслі юным краязнаўцам Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна чатыры летнія дні, падчас якіх праходзіў раённы фестываль школьных музеяў, прысвечаны Году гістарычнай памяці.

Наша падрыхтоўка да гэтага цікавага мерапрыемства пачалася яшчэ ў пачатку мая. Для першага дня фестывалю (па палажэнні прапаноўвалася прэзентаваць часовую выставу да Года гістарычнай памяці) юныя краязнаўцы падрыхтавалі прэзентацыю “Гісторыя нашай школы. Як усё пачыналася…” Вучаніца пятага класа Анастасія Ярош у вобразе вучаніцы пачатку ХХ стагоддзя распавяла пра тое, як звычайная настаўніца Людвіка Гарбіна разам з бацькамі і дзецьмі пабудавала невялікую школку ў суседняй вёсцы Кянці і як у 1994 годзе пры падтрымцы дзяржавы для дзяцей-перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй тэрыторый была пабудавана вялікая школа ў аграгарадку Ёдкі. Экскурсавод вельмі пранікнёна данесла гасцям фестывалю думку пра тое, што ў музеі “Вытокі” беражліва захоўваецца паўсотні экспанатаў з іншых зачыненых школ Лідчыны.

У другі фестывальны дзень, калі саветам музеяў прапаноўвалася прадставіць свае экспанаты ў рамках конкурсу “Знаходка года”, вучаніца 9-га класа Аліна Марцэвіч прэзентавала брашуру 1891 года “О вредных насекомыхъ. Ихъ значение въ сельском хозяйстве и меры ихъ истребленія”, якую знайшла ў старой бабулінай шафе. Гэтае рэдкае выданне сёння можна пачытаць толькі ў некаторых бібліятэках Расіі. А вось у нашым школьным музеі такую магчымасць маюць усе жадаючыя падчас акцыі “Экспанат для ўсіх”. У сям’і Аліны кнігай карысталіся яшчэ прапрадзеды. Зазірнуўшы ў гісторыю, мы зразумелі: брашура бачыла самога цара Аляксандра ІІІ! Супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея, на базе якога праводзіўся фестываль, выказалі ўдзячнасць Аліне за тое, што захавала і перадала ў школьны музей такую рэліквію.

У трэці дзень праводзіўся конкурс “Музей у чамадане”. Экскурсаводы Настасся Чапля і Настасся Жыгадла здзіўлялі журы і гасцей прадстаўленнем “Тэатр ценяў пана Тукалы”. Пан Тукала – рэальная гістарычная асоба, ён жыў у сядзібе Курэсеўшчына ў вёсцы Навіцкія-2, апекаваў таленавітых сялян, наладжваў тэатральныя пастаноўкі з удзелам мясцовага насельніцтва, у тым ліку тэатр ценяў. Мы ж вырабілі экран для пастаноўкі, падабралі экспанаты з фондаў музея (кубак, гляк, чаўнок, прас і іншыя), запаліўшы ліхтарык, паказвалі іх за шырмай, а гледачам неабходна было здагадацца, што гэта за прадмет. Экскурсаводы таксама давалі кароткае апісанне гэтых рэчаў: “Глядзіце, во які худы конь, а пра яго кажуць, што ўсё возера выпіў. У маладосці гэты каняка быў не чым іншым, як звычайнай грушай на ўскраіне вёскі. Калі грушу паваліла бурай, зрабілі з яе два дзясяткі такіх канякаў для патрэб людскіх. Сёння яны ўжо не так спорна аб міску стукаюць, бо на змену ім прыйшлі металічныя канякі. Але вы ўжо здагадаліся, пра што ідзе гаворка. Так, гэта лыжка. Беларусы яе з павагай кладуць на стол перад дбайным чалавекам і кажуць: “Напрацаваўся – за лыжку бярыся, а гультай галодны спаць лажыся”. Закончылася прадстаўленне, калі экскурсаводы патушылі ліхтарык і прамовілі: “Пагасла святло ў каморцы пана Тукалы, але нам светла на душы, бо ў нас ёсць такая спадчына”.

У выніку трох фестывальных дзён юныя краязнаўцы Ёдкаўскай сярэдняй школы былі ўзнагароджаны дыпломам другой ступені. Але самае галоўнае, што ў дзяцей павысіўся інтарэс да краязнаўчай, даследчай і экскурсійнай дзейнасці. Яны змаглі далучыцца да захавання і папулярызацыі гісторыі сваёй малой радзімы.

 

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий